Міністэ́рства абаро́ны Рэспу́блікі Белару́сь (Міністэрства абароны Беларусі) — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае кіраваць узброенымі сіламі. Міністар абароны ды ягоныя намесьнікі прызначаюцца й здымаюцца з пасадаў прэзыдэнтам. Міністар уваходзіць у склад Савету бясьпекі. З 20 студзеня 2020 году пасаду міністра займае Віктар Хрэнін.
Хуткія факты Абрэвіятура, Дата ўтварэньня ...
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь |
|
Абрэвіятура |
МА РБ |
---|
Дата ўтварэньня |
20 сакавіка 1992 (32 гады таму) |
---|
Штаб-кватэра |
Менск, вул. Камуністычная, д. 1 |
---|
Міністар |
Віктар Хрэнін |
---|
Першы намесьнік — начальнік Генэральнага штаба |
Павал Муравейка |
---|
Намесьнік міністра |
Міхайла Пузікаў |
---|
Намесьнік па ўзбраеньні |
Ігар Лаценкоў |
---|
Бюджэт |
1918 млрд рублёў[1] (2009; 684 млн $[2]) |
---|
Сайт |
mil.by |
Закрыць
Склад калегіі міністэрства з удзелам міністра, ягоных 4 намесьнікаў[3], дзяржаўнага сакратара Савет бясьпекі Рэспублікі Беларусь ды загадчыкаў відамі ўзброеных сілаў таксама ўхваляецца прэзыдэнтам. Пасяджэньні калегіі праводзяцца прынамсі раз у два месяцы ды зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці паловы чальцоў. Рашэньні ўхваляюцца кваліфікаванаю большасьцю галасоў прысутных.
З 2022 году Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, ЗША, Швайцарыі, Украіны ды Японіі[4], з 2023 года – Канады[5].
Цэнтральны апарат складаецца з 5 галоўных управаў, 2 управаў, аднаго дэпартамэнту, агенцтва й Генэральнага штаба[6].
- падрыхтоўка ваеннае дактрыны;
- удзел у парадкаваньні абароны;
- наладжаньне ўзаемінаў ды ўзгадненьня дзейнасьці ўстановаў у галіне абароны;
- удзел у наладжаньні падрыхтоўкі гаспадаркі дзяржавы да ваеннага часу;
- наладжаньне ўжыцьця ўзброеных сілаў паводле заканадаўства;
- падтрымка баегатоўнасьці ды баяздольнасьці ўзброеных сілаў на ўзроўні, што забясьпечвае ў мірны час стратэгічнае стрымваньне ды прадухіленьне ваенных пагрозаў, а ў ваенны — узброеную абарону дзяржавы, адбіцьцё нападу ды нанясеньне паразы праціўніку;
- наладжаньне кіраваньня дзейнасьцю ўзброеных сілаў ды падрыхтоўкі ўстановаў загадваньня імі;
- наладжаньне забесьпячэньня ўзброеных сілаў;
- спрыяньне пашырэньню пашаны да вайсковай службы;
- ажыцьцяўленьне ідэалягічнага ўзьдзеяньня ва ўзброеных сілах;
- наладжаньне ваеннай адукацыі;
- правядзеньне дасьледаваньняў у галіне ваеннай навукі;
- забесьпячэньне падтрымкі былых і дзейных супрацоўнікаў ды іхных сем’яў.
- распрацоўка ваеннае дактрыны;
- абагульненьне ўжываньня ды падача прапановаў ведамаснага заканадаўства;
- парадкаваньне дзейнасьці ўзброеных сілаў;
- выданьне ды нагляд за выкананьнем ведамасных пастановаў;
- наладжаньне ўзаемінаў ды ўзгадненьня дзейнасьці ўстановаў у галіне абароны;
- распрацоўка ды ажыцьцяўленьне стварэньня ды разьвіцьця відаў войскаў ды сродкаў іх забесьпячэньня;
- падрыхтоўка прапановаў па закупе ўзбраеньняў;
- абарона ды ахова дзяржаўнае мяжы ў паветранае прасторы, удзел у забесьпячэньні бясьпекі ды парадкаваньне выкарыстаньня паветранае прасторы;
- падача прапановаў прэзыдэнту аб будове й колькасьці ўзброеных сілаў;
- вызначэньне разьмяшчэньня войскаў, а таксама будоўля ды выкарыстаньне ваеннай інфраструктуры;
- удасканаленьне забесьпячэньня разгортваньня ўзброеных сілаў для выкананьня ваенных задачаў;
- наладжаньне падрыхтоўкі ды накапленьня запасу ваеннанавучаных грамадзянаў ды сродкаў разгортваньня ды вядзеньня баявых дзеяньняў узброенымі сіламі;
- кіраваньне ды нагляд за падрыхтоўкаю войскаў;
- праверка стану ўзброеных сілаў;
- стварэньне ўсебаковага забесьпячэньня войскаў пры падрыхтоўцы да вядзеньня баявых дзеяньняў;
- падача ва ўрад прапановаў аб аб’ёмах ды парадку забесьпячэньня захоўваньня, перамяшчэньня ды выкарыстаньня запасаў дабротаў у ваенны час;
- наладжаньне захоўваньня, накапленьня ды абнаўленьня стратэгічнага запасу ўзбраеньняў, абсталяваньня ды сродкаў узброеных сілаў;
- наладжаньне перавозкі войскаў ды ваенных тавараў;
- нагляд за станам ваенных складоў ды своечасовым выкарыстаньнем баепрыпасаў;
- забесьпячэньне аховы да абароны ўзбраеньняў, абсталяваньня ды месцаў разьмяшчэньня ўзброеных сілаў;
- падача ў Міністэрства фінансаў разьлікаў даходаў і выдаткаў на кожны наступны год ды заяваў у Міністэрства эканомікі на вылучэньне дзяржаўных капіталаўкладаньняў;
- нагляд за гаспадарчаю дзейнасьцю ва ўзброеных сілах;
- здача ў арэнду нескарыстоўванай ведамаснай маёмасьці;
- выдаткоўваньне на будоўлю месцаў навучаньня ўзброеных сілаў;
- забесьпячэньне ўпарадкаванага ўліку, захоўваньня ды выдаткоўваньня сродкаў ва ўзброеных сілах;
- наладжаньне тэхнічнага ды тылавога забесьпячэньня ўзброеных сілаў;
- нагляд за распрацоўкаю, выпрабаваньнямі ды вытворчасьцю ўзбраеньняў;
- наладжаньне ўліку, выдачы пасьведчаньняў ды вынаходніцтва ва ўзброеных сілах;
- абарона дзяржаўных таямніцаў ва ўзброеных сілах;
- забесьпячэньне вяшчаньня ва ўзброеных сілах;
- нагляд за выкананьнем іншымі дзяржавамі абавязкаў паводле дамоваў аб наглядзе за ўзбраеньнямі ды забесьпячэньне выкананьня ва ўзброеных сілах міжнародных дамоваў дзяржавы;
- заключэньне міжведамасных міжнародных дамоваў;
- аказаньне паслугаў у падрыхтоўцы вайскоўцаў іншым дзяржавам;
- стварэньне бясьпечных умоваў службы ва ўзброеных сілах;
- ідэалягічнае ўзьдзеяньне ва ўзброеных сілах;
- папярэджаньне правапарушэньняў ва ўзброеных сілах;
- кіраваньне ваеннай адукацыяй;
- ваенныя навуковыя дасьледаваньні ды распрацоўка ўзбраеньняў;
- ахова здароўя вайскоўцаў[7].
Поўнагадовыя грамадзяне мужчынскага роду ва ўзросьце да 27 год праходзяць ваенную службу цягам 18 месяцаў паводле абавязку, а пры наяўнасьці вышэйшай адукацыі — цягам году. Найм на ваенную службу ажыцьцяўляецца зь ліку поўнагадовых грамадзянаў, у тым ліку жаночага роду з 19 год, ва ўзросьце да 35 год на пасады салдатаў і матросаў, сяржантаў і старшынаў, прапаршчыкаў і мічманаў, а на пасады афіцэраў — да 30 год. Гранічны ўзрост знаходжаньня на службе для салдатаў і матросаў, сяржантаў і старшынаў, прапаршчыкаў і мічманаў, малодшых і старшых афіцэраў, акрамя палкоўнікаў (капітанаў 1-га рангу), складае 45 год, для палкоўнікаў (капітанаў 1-га рангу) — 50 гадоў, генэрал-лейтэнантаў, генэрал-маёраў — 55 гадоў, а для генэрал-палкоўнікаў — 60 гадоў. Застацца на службе звыш гранічнага ўзросту ў званьні да падпалкоўніка (капітана 2-га рангу) дазваляецца рашэньнямі калегіі міністэрства, а вайскоўцам у званьні палкоўніка (капітана 1-га рангу) й вышэй — рашэньнем прэзыдэнта[8].
У сьнежні 1991 году першым міністрам па справах абароны Беларусі прызначылі генэрал-палкоўніка Пётру Чавуса[9]. Аднак толькі 20 сакавіка 1992 году ўрад ухваліў Пастанову аб стварэньні ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. У лістападзе 1992 году Вярхоўны Савет ухваліў Законы «Аб абароне», «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ды «Аб статусе ваеннаслужачых», а 6 сьнежня 1992 году — ваенную дактрыну[10].
У 1992 годзе заснавалі аддзел гандлю Мінабароны Беларусі, які ў 1997 годзе пераўтварылі ў Гандлёва-вытворчую ўправу пры Міністэрстве абароны.