Лэнд-ліз
дзяржаўная праграма ЗША па дапамозе хаўрусьнікам у Другой сусьветнай вайне / From Wikipedia, the free encyclopedia
Лэнд-ліз (па-ангельску: Lend-Lease ад lend — «пазычаць» і lease — «здаваць у арэнду»), афіцыйна «Закон аб спрыяньні абароне Злучаных Штатаў»[1] — дзяржаўная праграма, паводле якой ЗША пастаўлялі Францыі, Вялікабрытаніі, Кітаю, а пазьней СССР і іншым хаўрусьнікам у Другой сусьветнай вайне харчаваньне, нафтапрадукты, боепрыпасы, мэдыкамэнты і тэхніку: машыны, караблі, самалёты ды іншае ўзбраеньне. Праграма працягвалася з сакавіка 1941 року да верасьня 1945. Большая частка дапамогі аказвалася бескаштоўна, пэўныя віды тэхнікі (караблі) па вайне былі вернутыя. Са свайго боку ЗША атрымала права арэнды вайсковых і марскіх базаў на тэрыторыі хаўрусьнікаў у ваенны пэрыяд.
Агулам было аказана матэрыяльнай дапамогі на суму 50,1 мільярдаў $ (у цэнах 2016 року — 659 мільярдаў), альбо 17% усіх ваенных выдаткаў ЗША[2] Зь іх $31,4 мільярды атрымала Брытанія, $11,3 млрд — Савецкі Саюз, $3,2 мільярды — Францыя, $1,6 мільярдаў — Кітай, рэшта $2,6 мільярдаў — іншыя аліянты. Адваротныя ўмовы лэнд-лізу ўключалі такія паслугі, як арэнда авіябазаў для ЗША і склалі $7,8 млрд; паслугі на $6,8 мільярдаў зь іх аказалі Вялікабрытанія і Садружнасьць. Паводле ўмоваў пагадненьня прадугледжвалася карыстаньне сродкамі да вяртаньня ці зьнішчэньня, аднак практычна ЗША была вернутая нязначная частка перададзенага абсталяваньня. Пастаўкі, якія прыйшлі пасьля сканчэньня дзеяньня праграмы лэнд-лізу, былі прададзеныя Вялікабрытаніі па заніжаным кошце £1,075 мільярдаў і па прадастаўленай Злучанымі Штатамі доўгатэрміновай пазыцы.
Запускам гэтай праграмы ЗША спыніла прытрыманьне фактычнага нэўтралітэту і зрабіла рашучы крок ад палітыкі неўварваньня, якая дамінавала ў замежных стасунках дзяржавы з 1931 року(en).
Падобную ж праграму пад назовам «Мільярдны падарунак і ўзаемадапамога(en)» ў меншых памерах адкрывала і Канада. Па праграме Вялікабрытаніі і хаўрусьнікам быў перададзены 1 мільярд даляраў і абсталяваньне і паслугі на суму $3,4 мільярды[3][4].