Кашмірскі канфлікт
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кашмі́рскі канфлі́кт (анг. Kashmir conflict; гіндз. कश्मीर विवाद, трансьл. Kaśmīr Vivād; урд. مسئلۂ کشمیر, трансьл. Mas’ala-ē Kašmīr) — канфлікт, узьніклы як тэрытарыяльная спрэчка між урадамі Пакістану й Індыі, а таксама мясцовымі паўстанцкімі групоўкамі над гістарычным рэгіёнам Кашмір, які месьціцца на поўначы Індастану[1].
Кашмірскі канфлікт | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Межы гістарычнага рэгіёну Кашмір Інда-пакістанская дзяржаўная мяжа, а таксама фактычная інда-пакістанская мяжа ў Кашміры Тэрыторыі Кашміру пад кантролем Пакістану Тэрыторыі Кашміру пад кантролем Індыі Тэрыторыі Кашміру пад кантролем Кітаю | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Пакістан | Індыя | Вызвольны фронт Джаму і Кашміру Гаркат-уль-Джыгад-аль-Ісламія Лашкар-э-Тайба Джаіш-э-Мугамад Гаркат-уль-Муджагідын Аль-Бадар падтрымка Пакістану | |||||||
Камандуючыя | |||||||||
Колькасьць | |||||||||
617 тыс. асабовага складу | 1 325 тыс. асабовага складу | ад 325 да 850 баевікоў | |||||||
Страты | |||||||||
каля 16 тыс. забітых | каля 10 тыс. забітых | каля 60 тыс. забітых, у тым ліку 40 тыс. цывільных асобаў | |||||||
Вытокі канфлікту палягаюць у інда-пакістанскай вайне 1947 году, калі па падзеле Брытанскай Індыі на дзяржавы Пакістан і Індыя паміж абедзьвюма краінамі ўзьнікнуў узброены тэрытарыяльны канфлікт з мэтаю ўзяцьця пад кантроль гістарычнага рэгіёну Кашмір, што месьціўся на поўначы былых уладаньняў Вялікабрытаніі. У якасьці трэцяга боку ў канфлікце ўдзельнічаюць мясцовыя кашмірскія паўстанцкія групоўкі, якія ставяць на мэце стварэньне незалежнае дзяржавы на тэрыторыі рэгіёну або ўваходжаньне ўсяго рэгіёну ў склад Пакістану. Асноўныя ўзброеныя канфлікты, спрычыненыя спрэчным характарам рэгіёну, праходзілі ў ХХ ст. у рамках інда-пакістанскіх войнаў 1947, 1965 і 1999 гадоў. За выняткам буйных вайсковых канфліктаў з 1984 году абедзьве краіны пэрыядычна ажыцьцяўляюць узброеныя сутычкі, якія галоўным чынам вядуцца за кантроль над ледніком Сіячэн, што на поўначы рэгіёну.
Вайсковы канфлікт 1947 году ня выявіў пераможцаў, аднак з 1949 году пад кантролем ААН у Кашміры была праведзеная лінія спыненьня агню, якая стала фактычнай дзяржаўнай мяжой дзьвюх краінаў у рэгіёне. З 1962 году Пакістан добраахвотна перадаў Кітаю паўночны ўсход кантраляванай дзяржавай тэрыторыі (Шаксгамская даліна), у гэтым жа годзе распачалася інда-кітайская вайна, у выніку якой Кітай узяў пад фактычны кантроль рэгіён Аксай-Чын — усход Кашміру. Зь невялікімі зьменамі над усімі тэрыторыямі захоўваецца статус-кво, пры гэтым Індыя прэтэндуе таксама на тэрыторыі, дэ-факта падкантрольныя Пакістану й Кітаю, разглядаючы іх як часткі штату Джаму і Кашмір, фактычная тэрыторыя якога складае тэрыторыі Кашміру, што знаходзяцца пад кантролем Індыі.
Узброены канфлікт між мясцовымі кашмірскімі паўстанцкімі групоўкамі й урадавымі сіламі Індыі ў асноўным спрычынены мясцовым рухам за аўтанамізацыю. Так, з канца 1970-х гг. да 1988 году ўрад Індыі згарнуў дэмакратычныя рэформы ў рэгіёне, праз што былі абмежаваныя мажлівасьці да мірнага волевыяўленьня, у выніку чаго ў індыйскай частцы рэгіёну ўзрасла падтрымка ваенізаваных радыкальных арганізацыяў. Зь ліпеня 1988 году ваенізаваныя групоўкі зьдзейсьнілі сэрыю дэманстрацыяў, страйкаў і ўзброеных нападаў на ўрадавыя органы, што абвастрыла сытуацыю ў штаце.
У апошнія гады назіраецца спад узброенага супрацьстаяньня ў Кашміры[2][3]. У 2008 годзе ў індыйскай частцы Кашміру адбыліся мясцовыя выбары, якія, нягледзячы на заклікі ўзброеных груповак да іх байкоту, адбыліся пасьпяхова. Выбары атрымалі станоўчую ацэнку ад Упраўленьня Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па справах уцекачоў, пры гэтым большасьць галасоў і, адпаведна, мажлівасьць фармаваньня ўраду штату атрымала Нацыянальная Канфэрэнцыя Джаму і Кашміру[4]. Шэраг аналітыкаў ацэньвае падтрымку праіндыйскіх партыяў у Джаму і Кашміры як паказчык падтрымкі насельніцтвам штату індыйскага сувэрэнітэту над штатам, што, аднак, ставіць пад сумнеў адзін зь лідэраў сэпаратыстаў у Джаму і Кашміры Саджад Лун[5]. 2009 і 2010 гады адзначаліся паўторнаю эскаляцыяй канфлікту ў індыйскай частцы рэгіёну.
Кашмірскі канфлікт на цяперашні час зьяўляецца адной з асноўных прычынаў інда-пакістанскага канфлікту й адным з фактараў палітычнае барацьбы ў абедзьвюх краінах[6]. Канфлікт ускладняецца наяўнасьцю ў Пакістану й Індыі ядзернага ўзбраеньня, якое краіны маюць з канца ХХ стагодзьдзя.