Гэлы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гэ́лы (ірл. і мэнск. Gaeil, гэльск. Gàidheal) — тэрмін, якім пазначаецца этнапляменная супольнасьць[1] і ўзьніклы пазьней шэраг асобных кельцкіх этнасаў, якія размаўляюць на мовах гайдэльскае падгрупы астраўной групы кельцкае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, або носьбіты гэтых моваў. Гістарычна — адзіная этнапляменная група, якая існавала ў раньнесярэднявечнай Ірляндыі, пасьля чаго неўзабаве гэльскія плямёны пашырылі тэрыторыю свайго пражываньня за кошт засяленьня суседняга з Ірляндыяй паўднёвага захаду сучаснае Шатляндыі (гл. Дал Рыяда). За эпохай Сярэднявечча гэльскае насельніцтва й культура атрымалі перавагу на тэрыторыях Ірляндыі, Шатляндыі, а таксама востраву Мэн, пасьля чаго пачаўся працэс распаду гэльскае супольнасьці на тры асобныя роднасныя этнасы — ірляндцаў, шатляндцаў і мэнцаў.
На цяперашні час тэрмін гэлы (анг. Gael, Gaels) часта выкарыстоўваецца ў дачыненьні толькі носьбітаў гэльскае шатляндзкае мовы. У 1882 годзе брытанскім кельтолягам валійскага паходжаньня Дж. Расам у якасьці сукупнага пазначэньня ўсіх носьбітаў гайдэльскіх моваў быў прапанаваны тэрмін гойдэлы (анг. Goidels), які зь цягам часу замацаваўся ў гістарыяграфіі і, у прыватнасьці, у кельталёгіі.