From Wikipedia, the free encyclopedia
Вячасла́ў (Ва́цлаў) Анто́навіч Адамовіч (19 лютага 1864 — 21 лютага 1939) — беларускі палітычны й вайсковы дзяяч, выдавец, публіцыст. Палкоўнік расейскай арміі. Бацька Вячаслава Адамовіча-малодшага.
Вячаслаў Адамовіч | |
па-беларуску: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
19 лютага 1864 |
Памёр: | не раней за 21 лютага 1939 |
Партыя: | |
Дзеці: | Вячаслаў Адамовіч (малодшы) |
Вячаслаў Адамовіч нарадзіўся 19 лютага 1864 году ў сям’і праваслаўнага сьвятара, які шмат гадоў абслугоўваў вялікую парафію з цэнтрам у Валожыне. Ягоны бацька — а. Антон Адамовіч — з 1840-х гадоў служыў у праваслаўнай царкве сьв. Параскевы Валожын.[1] У 1856 годзе а. Антон Адамовіч зьвярнуўся з хадайніцтвам аб дазволе будаўніцтва новай драўлянай царквы, бо старая ўніяцкая не адпавядала патрэбам. Яго намаганьнямі была набытая зямля для патрэбаў парафіі і збудаваны дом для сьвятара каля вялікай саджалкі недалёка ад Валожына.[1]
Пасьля вялікага пажару ў Валожыне на Тамашовым тыдні 1864 году, у выніку чаго згарэла 150 будынкаў, а паселішчу была нанесеная шкода на 135 тыс. рублёў, епархіяльнае начальства выказала ўдзячнасьць сьвятару Антону Адамовічу «за дбайнасьць да храма Божага падчас пажару». Тады агонь, які спускаўся згары, падышоў да сьценаў старажытнай царквы сьв. Параскевы і пагражаў ня толькі царкоўнаму будынку, але і другой палове мястэчка. Намаганьнямі сьвятара Антона Адамовіча разам з царкоўнымі братчыкамі ўдалося спыніць пажар перад самымі сьценамі храму.[1]
У 1866 годзе валожынскай праваслаўнай парафіі ўлады аддалі былы бэрнардынскі касьцёл у Валожыне, які адабралі ў католікаў, разам зь вернікамі, якіх за пару гадоў да гэтага перавялі ў праваслаўныя. У выніку валожынская праваслаўная парафія, якую ўзначальваў бацька Вячаслава Адамовіча а. Антон, вырасла да шасьці тысячаў вернікаў і мела акрамя старой царквы сьв. Параскевы яшчэ два новыя храмы ў Валожыне: царкву сьв. Язэпа (былы касьцёл) і новазбудаваную праваслаўную царкву роўнаапостальных Канстанціна і Алены, будаўніцтва якой закончылі і асьвяцілі ў тым жа 1866 годзе. Ад гэтага часу а. Антон Адамовіч абслугоўваў у валожынскай парафіі толькі вернікаў, якіх прыпісалі да царквы сьв. Язэпа[1].
З 1871 году Вячаслаў Адамовіч жыў у Відзах[1], куды царкоўныя ўлады пасьля больш чым 20-гадовага служэньня ў Валожыне перавялі яго бацьку — сьвятара Антона Адамовіча. Тут, пасьля шматгадовага сьвятарскага служэньня, сьвятар памёр 14 чэрвеня 1887 году.[1]
Вайсковую кар’еру пачынаў падпрапаршчыкам пяхотнага Петразаводзкага палка (паводле вайсковых сьпісаў 1886 году). Даслужыўся да чыну палкоўніка расейскай арміі. Паводле агентурных дадзеных ГПУ, пэўны час палкоўнік Вячаслаў Адамовіч-старэйшы знаходзіўся на кіруючай пасадзе ў Чырвонай арміі — камандаваў Полацкім палком, зь якім перайшоў на польскі бок у 1919 годзе.[2]
З 1917 году палкоўнік Вячаслаў Адамовіч удзельнічаў у беларускім вайсковым руху. У 1919—1920 гадах быў сябрам Беларускай Вайсковай Камісіі, браў удзел у стварэньні таемнай вайсковай арганізацыі «Зялёны Дуб», якую ўзначаліў ягоны сын Вячаслаў (атаман Дзяргач). Браў удзел у антыбальшавіцкай акцыі пачатку 1920-х гадоў.
У 1907—1914 гадах Вячаслаў Адамовіч-старэйшы — рэдактар-выдавец у горадзе Коўна газэты «Северо-западный телеграф». Друкаваўся пад псэўданімамі А. Карэцкі, А. Ільніцкі.[2] З 1917 году Вячаслаў Адамовіч — адзін з актывістаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Вялікай беларускай рады, Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. Кандыдат ад БСГ на выбарах ва Ўстаноўчы сход. На пасяджэньні Вялікай беларускай рады (да гэтага — Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў) 16—24 кастрычніка 1917 году Вячаслаў Адамовіч быў абраны старшынём Выканаўчага камітэту ВБР.[3] Ад гэтага часу ВБР пачала дабівацца скліканьня Ўсебеларускага зьезду.
У Менску Адамовічы мелі ўласны дом па вуліцы Міхайлаўскай, 21, які пакінулі ўвосень 1920 году.[2]
У канцы верасьня 1920 году Вячаслаў Адамовіч у Варшаве разам з Паўлам Алексюком — сябрам Рады БНР, які быў старшынём Беларускай вайсковай камісіі, Антонам Лявіцкім (пісьменьнікам Ядвігіным Ш.) — сябрам Выканкаму Вялікай беларускай рады ў 1917-м, Радаславам Астроўскім — былым камісарам Слуцкага павету ад Часовага ўраду, намесьнікам старшыні Народнага Сакратарыяту БНР і народным сакратаром асьветы ва ўрадзе Р. Скірмунта, ды інш. выступіў стваральнікам Беларускага Палітычнага Камітэту, які 12 кастрычніка 1920 г. падпісаў палітычную дамову з генэралам Станіславам Булак-Балаховічам.[4] Паводле гэтай дамовы ўзамен на дапамогу ў арганізацыі беларускага войска ген. С. Булак-Балаховіч абяцаў перадаць Беларускаму палітычнаму камітэту ўладу пасьля заняцьця тэрыторыі Беларусі. Гэтая ўрачыстая перадача цывільнай улады БПК адбылася 7 лістапада ў вызваленым Тураве. Пасьля заняцьця войскам ген. С. Булак-Балаховіча на пачатку лістапада 1920 г. Турава, Петрыкава, Скрыгалава і Мазыра з далейшым плянам наступу на Гомель і Менск ды паўторнага абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі 12 лістапада ў Мазыры, урады БНР Вацлава Ластоўскага і Антона Луцкевіча, а таксама бальшавіцкі ўрад Чарвякова былі абвешчаныя зрынутымі, а Беларускі палітычны камітэт ператварыўся ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. На пасаду беларускага прэм’ер-міністра быў прызначаны Вячаслаў Адамовіч (старэйшы).[4]
Урад Вячаслава Адамовіча выдаў маніфэст да беларускага народу, у якім выклаў наступную праграму: барацьба за незалежнасьць Беларусі, выпрацоўка канстытуцыі, канфіскацыя буйной памешчыцкай маёмасьці, цесны саюз з Польшчай і апора на краіны Антанты. Гэты ўрад надаў генэралу Станіславу Булак- Балаховічу тытул начальніка беларускай дзяржавы.[4]
Усё жыцьцё Вячаслаў Адамовіч-старэйшы, як і яго сын Вячка (атаман Дзяргач), карыстаўся пільнай увагай спэцслужбаў. Быў знаёмы дастаткова блізка з Пілсудзкім.[2] Адна з крымінальных спраў архіву КДБ Беларусі ўтрымлівае даведку, паводле якой Адамовіч-старэйшы працягваў займацца беларускай дзейнасьцю да 1932—33 гадоў. Пазьней адышоў ад палітычнай дзейнасьці.
Жыў у Вільні па адрасах: Сьнегавы завулак, 7; Гарбарская, 5; вул. Табезгаўская, што на Новым сьвеце. Апошні яго віленскі адрас — кватэра па вуліцы Вітольдавай, 36, дзе палітык памёр 21 лютага 1939 году (паводле іншых крыніцаў — у 1938 годзе). Перад тым 6—7 гадоў цяжка хварэў, чаму і адышоў ад актыўнай дзейнасьці.[2]
Біяграфія Вячаслава Адамовіча-старэйшага недастаткова вывучаная, часта яму прыпісваецца дзейнасьць сына[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.