расейскі вайскавод From Wikipedia, the free encyclopedia
Валеры Васільевіч Герасімаў (1955; Казань, цяпер Рэспубліка Татарстан, Прыволская фэдэральная акруга, Расея) — расейскі вайскавод.
Валеры Васільевіч Герасімаў рас. Валерий Васильевич Герасимов | ||||||||||
нар. 8 верасьня 1955 (69 гадоў) | ||||||||||
Месца нараджэньня | Казань, Татарская АССР, Расейская СФСР, СССР | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Прыналежнасьць | Расея | |||||||||
Род войскаў | Сухапутныя войскі(ru) | |||||||||
Гады службы | 1977—1984, 1987—1995, 1997 — цяпер | |||||||||
Званьне | генэрал арміі(be) (2013) | |||||||||
Камандаваў | 144-я мотастралковая дывізія(en) (1993—1995), 58-я армія (2001—2003), Ленінградзкая вайсковая акруга (2007—2009), Маскоўская вайсковая акруга(be) (2009—2010), Цэнтральная вайсковая акруга(ru) (2012) | |||||||||
Бітвы/войны | Другая расейска-чачэнская вайна (1999—2003, 2006—2007), расейская вайсковая інтэрвэнцыя ва Ўкраіну (2014—2015), расейскае ўварваньне ў Сырыю(en) (2015—2016) | |||||||||
Узнагароды | | |||||||||
Сувязі | жонка, сын | |||||||||
7-ы начальнік Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі (з 9 лістапада 2012 г.). Генэрал арміі (2013), герой Расейскай Фэдэрацыі (2016).
З чэрвеня 2024 году знаходзіцца ў вышуку Міжнароднага крымінальнага суду.
Нарадзіўся ў сям’і рабочых. У 1971—1973 гадах у старэйшых клясах навучаўся ў Казанскай сувораўскай вайсковай вучэльні(ru). Затым скончыў Казанскую вышэйшую танкавую камандную вучэльню(ru) (1973—1977). У 1977—1984 гадах служыў камандзірам зьвяза, роты і батальёна ў 80-м танкавым палку (Борнэ Сулінова, Шчэцінскае ваяводзтва(pl)) 90-й танкавай дывізіі Паўночнай групы войскаў(ru) СССР у Польскай Народнай Рэспубліцы (цяпер Польшча), начальнікам штаба батальёна ў Далёкаўсходняй вайсковай акрузе(be) (Расейская СФСР).
У 1984—1987 гг. навучаўся ў Маскве ў Вайсковай акадэміі бранятанкавых войскаў(ru) імя маршала Радзівона Маліноўскага. У 1987—1993 гг. служыў начальнікам штаба і камандзірам 228-га танкавага палка (Кейля, Хар’юскі павет, Эстонская ССР) 144-й мотастралковай дывізіі ў Прыбалтыйскай вайсковай акрузе(ru) СССР, начальнікам штаба 144-й мотастралковай дывізіі (Талін, Эстонія) Паўночна-Заходняй групы войскаў(ru) Расеі. У 1993—1995 гг. служыў камандзірам 144-й мотастралковай дывізіі, якую ў жніўні 1994 г. вывеў у Маскоўскую вайсковую акругу Расеі (Ельня, Смаленская вобласьць).
У 1995—1997 гг. у Маскве прайшоў навучаньне ў Вайсковай акадэміі Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі(ru). З 1997 г. па люты 1998 г. служыў 1-м намесьнікам камандзіра 1-й гвардзейскай танкавай арміі(ru) (Смаленск). Зь лютага 1998 г. па люты 2001 г. служыў начальнікам штаба, а зь лютага 2001 г. па сакавік 2003 г. — камандзірам 58-й арміі (Уладзікаўказ, Рэспубліка Паўночная Асэтыя — Аланія) у Паўночна-Каўкаскай вайсковай акрузе(be) Расеі, дзе ўдзельнічаў у Другой расейска-чачэнскай вайне. За часам камандаваньня 58-й арміяй меў званьне генэрал-маёра.
З сакавіка 2003 г. па красавік 2005 г. служыў начальнікам штаба Далёкаўсходняй вайсковай акругі Расеі (Хабараўск, Далёкаўсходняя фэдэральная акруга) ў званьні генэрал-лейтэнанта. 22 лютага 2005 г. атрымаў званьне генэрал-палкоўніка. З красавіка 2005 г. па сьнежань 2006 г. служыў начальнікам Галоўнай управы баявой падрыхтоўкі і службы войскаў Узброеных сілаў Расеі. Са сьнежнія 2006 г. да 11 сьнежня 2007 г. — начальнікам штаба Паўночна-Каўкаскай вайсковай акругі. З 11 сьнежня 2007 г. па 5 лютага 2009 г. — камандзір войскаў Ленінградзкай вайсковай акругі. З 5 лютага 2009 г. па 23 сьнежня 2010 г. — камандзір войскаў Маскоўскай вайсковай акругі. У 2010 г. атрымаў беларускі ордэн Сяброўства народаў. Паводле ўказу прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева, з 23 сьнежня 2010 г. па 26 красавіка 2012 г. займаў пасаду намесьніка начальніка Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расеі. У 2009—2012 г. загадваў вайсковымі парадамі ў дзень Перамогі на Чырвонай плошчы Масквы. 26 красавіка — 9 лістапада 2012 г. быў камандзірам войскаў Цэнтральнай вайсковай акругі Расеі (Урал і Сыбір).
9 лістапада 2012 г. заняў пасаду начальніка Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расеі паводле ўказу прэзыдэнта Ўладзімер Пуціна на прапанову новапрызначанага міністра абароны Сяргея Шайгу. 26 студзеня 2013 г. выступіў з дакладам «Асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця формаў і спосабаў прымяненьня ЎС, актуальныя задачы ваеннай навукі па іх удасканаленьні» перад агульным сходам Акадэміі ваенных навук Расейскай Фэдэрацыі(ru) (АВН РФ), які праходзіў у Культурным цэнтры Ўзброеных сілаў Расеі(ru) (Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга)[1]. 29 студзеня 2013 г. сумесна зь міністрам Шайгу прадставіў Плян абароны Расейскай Фэдэрацыі на 2013—2015 гг., які прэзыдэнт Пуцін зацьвердзіў сваім указам[2]. 20 лютага 2013 г. атрымаў званьне генэрала арміі паводле Ўказу прэзыдэнта Расеі № 151.
Паводле свайго даклада перад АВН Расеі, 27 лютага 2013 году выдаў у газэце «Ваенна-прамысловы кур’ер» артыкул «Каштоўнасьць навукі ў прадбачаньні», ва ўводзінах якога заявіў: «У XXI стагодзьдзі прасочваецца тэндэнцыя размываньня адрозьненьняў між станам вайны і міру. Войны ўжо не абвяшчаюцца, а пачаўшыся – ідуць не паводле звыклага нам шаблёна. Досьвед ваенных канфліктаў, у тым ліку зьвязаных з так званымі каляровымі рэвалюцыямі(en) ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, пацьвярджае, што цалкам шчасная дзяржава за лічаныя месяцы і нават дні можа ператварыцца ў арэну разьлютаванага ўзброенага змаганьня, стаць ахвярай замежнай інтэрвэнцыі, пагрузіцца ў бездань хаосу, гуманітарнай катастрофы і грамадзянскай вайны». Далейшы тэкст артыкула падзяляўся на 4 разьдзелы: 1) Урокі «арабскай вясны»; 2) Задачы ваеннай навукі; 3) Кантроль тэрыторыі; 4) Ідэі немагчыма генэраваць паводле загаду. У 1-м разьдзеле артыкула зьмяшчалася схема «Роля неваенных мэтадаў пры вырашэньні міждзяржаўных канфліктаў», дзе вылучаліся 6 ступеняў разьвіцьця канфліктаў: 1) «схаванае зараджэньне, 2) абвастрэньне, 3) пачатак канфліктных дзеяньняў, 4) крызіс, 5) вырашэньне, 6) аднаўленьне міру (пасьляканфліктнае ўрэгуляваньне)». Ваенная пагроза падзялялася на: 1) «патэнцыйную (магчымую), 2) накіраваную, 3) непасрэдную, 4) ваенны канфлікт». Таксама прадугледжвалася 6 фазаў разьвіцьця канфліктаў: 1) «зьяўленьне разыходжаньняў у зацікаленасьцях, 2) ператварэньне разыходжаньняў у супярэчнасьці(en) і іх усьведамленьне ваенна-палітычным кіраўніцтвам, 3) паглыбленьне супярэчнасьцяў, 4) крызіснае рэагаваньне, 5) лякалізаваньне ваеннага канфлікта, 6) нэўтралізаваньне ваеннага канфлікта». Неваенныя і ваенныя захады разьвіцьця канфліктаў суадносіліся ў схеме 4:1. Вылучалася 12 неваенных захадаў: «вядзеньне весткавага проціборства, утварэньне кааліцыяў і саюзаў, утварэньне палітычнай апазыцыі, палітычны і дыпляматычны націск, гаспадарчыя санкцыі, разрыў дыпляматычных дачыненьняў, дзеяньне апазыцыйных сілаў, гаспадарчая блякада, пошук спосабаў урэгуляваньня канфлікта, перавод гаспадаркі на ваенныя рэйкі, зьмена ваенна-палітычнага кіраўніцтва, правядзеньне комплекса захадаў для зьніжэньня напружанасьці ў дачыненьнях. Таксама пералічваліся 4 ваенныя захады: стратэгічнае стрымліваньне(en), стратэгічнае разгортваньне, вядзеньне ваенных дзеяньняў, міратворчыя апэрацыі»[3].
2-і разьдзел артыкула ад 27 лютага 2013 году зьмяшчаў схему «Зьмена характара ўзброенага змаганьня», дзе формы і спосабы дасягненьня палітычных мэтаў падзяляліся на традыцыйныя (прымяненьне ваеннай сілы) і новыя: «Выкарыстаньне палітычных, дыпляматычных, гаспадарчых і іншых неваенных захадаў у спалучэньні з ужыцьцём ваеннай сілы». Вылучалася 7 традыцыйных спосабаў: «пачатак ваенных дзеяньняў пасьля стратэгічнага разгортваньня; франтальныя сутыкненьні буйных груповак войскаў, аснову якіх складаюць сухапутныя войскі; паражэньне жывой сілы і агнявых сродкаў, пасьлядоўнае авалодваньне рубяжамі і раёнамі з мэтай захопа тэрыторыі; разгром праціўніка, разбурэньне гаспадарчага патэнцыяла і авалодваньне яго тэрыторыяй; вядзеньне баявых дзеяньняў на сушы, у паветры і на моры; кіраваньне групоўкамі войскаў у рамках строга выбудаванай герархічнай структуры органаў кіраваньня». Таксама пералічвалася 8 новых спосабаў: «пачатак ваенных дзеяньняў групоўкамі войскаў мірнага часу; высокаманэўраныя бескантактныя баявыя дзеяньні міжвідавых груповак войскаў; зьніжэньне ваенна-гаспадарчага патэнцыяла дзяржавы паражэньнем крытычна важных аб'ектаў яго ваеннай і цывільнай інфраструктуры ў кароткія тэрміны; шырокае ўжыцьцё ВДЗ(en), шырокамаштабнае выкарыстаньне сілаў спэцыяльных апэрацыяў, а таксама робатызаваных комплексаў і зброі на новых фізычных прынцыпах, удзел у баявых дзеяньнях ваенна-цывільнага складніка; адначаснае ўзьдзеяньне на войскі і аб'екты праціўніка на ўсю глыбіню яго тэрыторыі; узброенае змаганьне адначасна ва ўсіх фізычных асяродзьдзях і весткавай прасторы; ужыцьцё асымэтрычных і непрамых дзеяньняў; кіраваньне сіламі і сродкамі ў адзінай весткавай прасторы». У 3-м разьдзеле артыкула адзначалася: «Асаблівую актуальнасць у сучасных канфліктах набывае абарона насельніцтва, аб'ектаў і камунікацыяў ад дзеяньняў сілаў спэцыяльных апэрацыяў праціўніка ва ўмовах ўзрастаньня маштабаў іх ужыцьця. Рашэньне гэтай задачы прадугледжваецца арганізацыяй і вядзеньнем тэрытарыяльнай абароны. Да 2008 году, калі колькасць арміі на ваенны час складала больш за 4,5 мільёна, гэтыя задачы вырашаліся выключна Ўзброенымі сіламі. Але ўмовы зьмяніліся. Цяпер супрацьдзеяньне дывэрсійна-выведвальным і тэрарыстычным сілам можна арганізаваць толькі комплексным ужыцьцём усіх сілавых структураў дзяржавы». У 4-м разьдзеле сьцьвярджалася, што існаваў «росквіт ваенна-тэарэтычнай думкі ў нашай краіне (СССР) наконадні Другой сусьветнай вайны». У якасьці «неардынарный асобы зь яркімі ідэямі» і «фанатыка ад навукі», якіх «нам сёньня якраз і не хапае», прыводзіўся «прафэсар Акадэміі Генэральнага штаба», «камдзіў Георгі Ісерсон(ru), які, нягледзячы на погляды, што склаліся ў перадваенны пэрыяд, выдаў кнігу «Новыя формы змаганьня». У ёй савецкі ваенны тэарэтык прадказаў: «Вайна наогул не абвяшчаецца. Яна проста пачынаецца загадзя разгорнутымі ўзброенымі сіламі. Мабілізацыя і засяроджваньне тычацца не пэрыяду пасьля наступленьня стану вайны, як гэта было ў 1914 годзе, а непрыкметна, паступова праводзяцца задоўга да гэтага»[3] (маланкавая вайна; частка 2 «Нямецка-польская вайна», 2. Уступленьне ў вайну).
5 ліпеня 2013 г., паводле яго даклада перад Акадэміяй ваенных навук Расеі, Савет бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі зацьвердзіў Рашэньне аб прапанове зьмены Ваеннай дактрыны Расеі. З 29 жніўня[4] па 18 кастрычніка 2013 г. наведваў Беларусь па службе для падрыхтоўкі, назіраньня за і адзнакавай справаздачы аб беларуска-расейскіх вайсковых вучэньнях «Захад-2013», якія праводзіліся 20-26 верасьня 2013 г. з удзелам каля 12 900 жаўнераў, 350 адзінак бранятэхнікі, больш за 50 адзінак артылерыі і больш за 50 верталётаў і самалётаў[5]. 18 кастрычніка 2013 г. у справаздачы аб вучэньнях адзначыў, што з пачатку 2013 г. у Заходняй вайсковай акрузе(ru) Расеі і Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь правялі больш за 10 сумесных мерапрыемстваў апэратыўнай падрыхтоўкі да вучэньняў[6].
20 лютага 2014 г. вайскоўцы падпарадкаванай яму Галоўнай управы Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі(ru) пачалі захоп украінскага паўвострава Крым, які ажыцьцявілі да 26 сакавіка 2014 году (Крымскі крызіс)[7]. 5 красавіка 2014 г. дывэрсанты Галоўнай управы Генэральнага штаба Расеі пашырылі сваё ўварваньне на ўсход Украіны (Данбас). У выніку, паводле Прадпісаньня № 433 Рады Эўразьвязу ад 29 красавіка 2014 г., патрапіў пад забарону на ўезд у краіны Эўрапейскага Зьвязу[8]. 6 ліпеня 2014 г. яго даклад перад Акадэміяй ваенных навук Расеі ад 26 студзеня 2013 г. атрымаў найменьне «Дактрына Герасімава»(ru) ад ангельскага гісторыка Марка Галеоці(en) (нар. 1965)[9]. 26 сьнежня 2014 г. прэзыдэнт Пуцін зацьвердзіў зьмены ў Ваенную дактрыну Расеі паводле «Дактрыны Герасімава», згодна зь якой у лютым 2014 г. распачалі расейскую вайсковую інтэрвэнцыю ва Ўкраіну[10]. 5 жніўня 2015 г. Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева (Украіна) зацьвердзіў вышук Герасімава па падазрэньні паводле часткі 3 артыкула 110 Крымінальнага кодэкса Ўкраіны «Замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны», які прывёў «да згубы людзей».
Ад пачатку 30 верасьня 2015 г. расейскага ўварваньня ў Сырыю ўдзельнічаў у арганізацыі налётаў расейскіх бамбавікоў[11], за што атрымаў ад Пуціна званьне героя Расеі ўказам ад 4 траўня 2016 году.
25 чэрвеня 2024 году Другая палата папярэдняй вытворчасьці Міжнароднага крымінальнага суду (Нідэрлянды), удзел у якім бралі 124 дзяржавы, выдала загад на арышт Валерыя Герасімава і былога міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу. Судьдзі палічылі абодвух падазраванымі ў такіх ваенных злачынствах, як нанясеньне ўдараў па цывільных пабудовах і прычыненьне празьмернай выпадковай шкоды цывільнаму насельніцтву шляхам аддачы загаду аб учыненьні злачынстваў і празь няздольнасьць ажыцьцяўляць належнае кіраваньне войскамі пад іх камандаваньнем у ходзе расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У прыватнасьці ў паведамленьні МКС выказвалася меркаваньне, «што двое падазраваных нясуць адказнасьць за ракетныя ўдары, нанесеныя расейскімі ўзброенымі сіламі па ўкраінскай электраэнэргетычнай інфраструктуры прынамсі зь 10 кастрычніка 2022 году па 9 сакавіка 2023 году. Цягам гэтага часу вялікая колькасьць удараў па шматлікіх электрастанцыях і падстанцыях была нанесена расейскімі ўзброенымі сіламі ў многіх мясьцінах Украіны»[12][13].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.