From Wikipedia, the free encyclopedia
Іван Андрэевіч Хаванскі (па-расейску: Иван Андреевич Хованский), мянушка Тараруй (пачатак XVII стагодзьдзя — 27 верасьня 1682) — расейскі ваявода, баярын.
У 1636 року згаданы сярод царскіх стольнікаў пры Міхаіле Фёдаравічы. У 1650—1651 быў ваяводам тульскім, пасьля да 1654 року — вяземскім, у 1656 — магілёўскім. Браў удзел у войнах з Рэччу Паспалітай і Швэцыяй. У 1657 разьбіў войскі Магнуса дэ ля Гардзі пад Гдовам. 19 сьнежня 1659 заняў Горадню, 25 сьнежня — Заблудаў, 28 сьнежня пад Крынкамі разьбіў полк Яна Агінскага і скіраваўся на Бранск. 8 і 9 студзеня 1660 захапіў Белую. 13 студзеня адзін зь ягоных аддзелаў здабыў і спаліў Берасьце, адкуль пасьля выступіў у бок Любліна і Венграва. 25 студзеня пад Пружанай разьбіў групоўку палкоўніка Міхала Абуховіча. 1 лютага ягоныя аддзелы занялі Міжрэчча. Гэта выклікала актывізацыю дзеяньняў Стэфана Чарнецкага, які сьцягнуў войскі зь зімовых кватэраў у Вялікапольшчы. Хаванскі адышоў на ўсход, дзе беспасьпяхова абклаў крэпасьць у Ляхавічах, а пасьля быў разьбіты Чарнецкім пад Палонкай. На пачатку 1661 року Хаванскі яшчэ перамог войска палкоўніка Лісоўскага пад Друяй, але ўвосені быў разгромлены ў бітве пад Кушлікамі.
Пазьней быў ваяводам пскоўскім, смаленскім і ноўгарадзкім. Увайшоў у гісторыю як суворы і дэспатычны кіраўнік, які не лічыўся зь мясцовымі звычаямі. У 1678—1680 змагаўся супраць туркаў і крымскіх татараў.
Ягоны вялізны ўплыў непакоіў царскі двор, таму на пачатку верасьня 1682 року Хаванскі быў абвешчаны бунтаўніком і 17 (27) верасьня завочна прыгавораны да сьмерці. Таго самага дня быў затрыманы і абезгалоўлены разам з сынам Андрэем. Пасьля паведамленьня пра ягоную сьмерць выбухнула паўстаньне стральцоў, у часе якога паўстанцы занялі нават Крэмль, аднак, пазбаўленыя моцнага кіраўніцтва, хутка здаліся сілам двару.
Трагічны лёс Хаванскіх склаў сюжэт опэры Мадэста Мусарскага «Хаваншчына».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.