Хвароба Альцгеймера
From Wikipedia, the free encyclopedia
Хваро́ба Альцге́ймера, або Сені́льная дэме́нцыя альцге́ймераўскага ты́пу — найбольш распаўсюджаная форма дэменцыі, нейрадэгенератыўнае захворванне, упершыню было апісана ў 1906 годзе нямецкім псіхіятрам Алоісам Альцгеймерам. Як правіла, яно выяўляецца ў людзей старэйшых за 65 гадоў[3], але існуе і ранняя хвароба Альцгеймера — рэдкая форма захворвання. Агульнасусветная захворваемасць на 2006 год ацэньвалася ў 26,6 млн чалавек, да 2050 года колькасць хворых можа вырасці ў чатыры разы[4].
Хвароба Альцгеймера | |
---|---|
| |
МКХ-10 | G30.30., F00.00. |
МКБ-10-КМ | G30.9 і G30 |
МКХ-9 | 331.0331.0, 290.1290.1 |
МКБ-9-КМ | 331.0[1][2] і 290.1[2] |
OMIM | 104300 |
DiseasesDB | 490 |
MedlinePlus | 000760 |
eMedicine | neuro/13 |
MeSH | D000544 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У кожнага чалавека хвароба працякае па-свойму, але пры гэтым назіраецца шэраг агульных сімптомаў[5]. Першыя заўважныя праявы звычайна памылкова звязваюць з састарэлым узростам або тлумачаць уплывам стрэсу[6].
Найчасцей на ранніх стадыях назіраецца разлад кароткачасовай памяці. Гэты сімптом можа праяўляцца, напрыклад, няздольнасцю ўспомніць нядаўна завучаную інфармацыю. Пры звяртанні да ўрача і падазрэнні на хваробу Альцгеймера для ўдакладнення дыягназу звычайна аналізуюць паводзіны, праводзяць серыю кагнітыўных тэстаў, калі магчыма, праводзіцца магнітна-рэзанансная тамаграфія (МРТ)[7].
З развіццём хваробы адбываецца страта доўгачасовай памяці[6][8]. Паступовая страта функцый арганізма вядзе да смерці[9]. Індывідуальны прагноз ускладнены праз варыяцыі ў тэрміне цячэння хваробы, якая можа развівацца падспудна на працягу доўгага часу, перш чым стануць заўважныя сімптомы і будзе пастаўлены дыягназ. Сярэдняя працягласць жыцця пасля пастаноўкі дыягназу складае каля 7 гадоў[10], менш за 3 % хворых жывуць больш за 14 гадоў[11].
У сучаснасці не дасягнута поўнае разуменне прычын і цячэння хваробы Альцгеймера. Даследаванні даюць падставы меркаваць аб асацыяцыі хваробы з назапашваннем бляшак і нейрафібрылярных клубкоў у тканках мозга. Сучасныя метады тэрапіі толькі крыху змягчаюць сімптомы, але пакуль не дазваляюць ані спыніць, ані запаволіць развіццё захворвання. Мноства перспектыўных метадаў тэрапіі дасягнулі этапу клінічных выпрабаванняў, колькасць якіх на 2008 год складала больш за 500, але няясна, ці будзе даказана іх эфектыўнасць. У 2013 годзе метад глыбокай транскраніяльнай магнітнай стымуляцыі[en] (Deep TMS) атрымаў знак адабрэння «CE Mark» для лячэння як сімптомаў хваробы Альцгеймера, гэтак і іншых захворванняў[12][13]. Дзве амерыканскія кампаніі спынілі распрацоўку колішняга перспектыўнага прэпарата для палягчэння наступстваў страты памяці пры хваробе Альцгеймера пасля двух клінічных даследаванняў, падчас якіх сродак не змог дапамагчы хворым. Даследчыкі паведамілі, што станоўчая дынаміка захворвання ў пацыентаў у лёгкай або ранняй стадыі хваробы Альцгеймера не адрознівалася ад гэтакай у кантрольнай групе пацыентаў, якім давалі плацэба. Кампаніі «Pfizer» і «Johnson&Johnson» заявілі, што ўсе іншыя даследаванні ў гэтай галіне былі спынены. У дадзены момант эфектыўных лекаў ад хваробы Альцгеймера не існуе[14]. Прапаноўваецца мноства спосабаў папярэдзіць хваробу Альцгеймера, але не быў адзначаны іх уплыў на цячэнне захворвання і яго цяжкасць. Як для прафілактыкі, гэтак і для барацьбы з хваробай часта рэкамендуюць займацца фізічнымі практыкаваннямі, стымуляваць мысленне і прытрымлівацца збалансаванай дыеты[15].
Хвароба Альцгеймера адносіцца да захворванняў, якія накладваюць найбольш цяжкі фінансавы цяжар на грамадства ў развітых краінах[16][17].