Кушанскае царства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Куша́нскае ца́рства (бактр. κυϸανο; санскр. कुषाण राजवंश, трансьл. Kuṣāṇ Rājavaṃśa; буд. санскр. Guṣāṇa-vaṃśa; парт. 𐭊𐭅𐭔𐭍 𐭇𐭔𐭕𐭓, трансьл. Kušan-xšaθr[2]) — адна зь дзяржаваў Паўднёвай Азіі, якая існавала ў пэрыяд між І і IV стагодзьдзямі н.э. і ахоплівала большую частку тэрыторыяў сучасных Аўганістану, Пакістану, поўначы Індыі і шэраг іншых сумежных рэгіёнаў. Заснаванае кушанскім царом Куджулам Кадфізам напачатку І ст. н.э. у навакольлях ракі Окс (цяп. Амудар’я) на тэрыторыі старажытнага рэгіёну Бактрыя, пасьля чаго цэнтар дзяржавы перасунуўся на ўсходні Аўганістан[3], якая зь цягам часу заваявала тэрыторыі, раней кантраляваныя партанамі, а менавіта паўночныя часткі Іранскага ўзвышша. У часы панаваньня Канішкі (127—151 гг.) дасягнула свайго найбольшага росквіту, распасьцёршыся ад Турфану (Тарымская западзіна, паўночна-заходні Кітай) да Паталіпутры (паўночна-ўсходняя Індыя)[4].
Кушанскае царства бактр. κυϸανο, санскр. कुषाण राजवंश, грэцк. Βασιλεία Κοσσανῶν | ||||
| ||||
Афіцыйная мова | бактрыйская, санскрыт (мова культу) | |||
Сталіца | Баграм, Пэшавар, Таксыла, Матгура | |||
Форма кіраваньня цар |
манархія Куджула Кадфіз (першы), Кіпунада (апошні) | |||
Плошча • агульная |
~ 3 800 000 км² | |||
Канфэсійны склад | індуізм, будызм[1], шаманізм, зораастрызм, маніхейства, іншыя мясцовыя культы | |||
Валюта | кушанская драхма | |||
Незалежнасьць — аб’яднаньне плямёнаў юэчжы ў адзіны зьвяз Куджулам Кадфізам — скарэньне |
30 г. н.э. 375 г. н.э. |
Заснавальнікі царства — кушаны, качавая этнапляменная група індаэўрапейскага паходжаньня й адна зь пяці групаў пляменнага хаўрусу юэчжы, якія належалі да іранскіх або тахарскіх народаў індаэўрапейскае сям’і[5][6][7][8][9]. Пачатак кіраваньня кушанаў у Бактрыі быў пакладзены дзякуючы іх міграцыі з басэйну ракі Тарым у Сярэднюю Азію[9], але некаторыя кіраўнікі кушанаў, напрыклад, Канішка, належалі да плямёнаў, званых у тагачасных індыйскіх крыніцах як турушка[1][10][11], якія сучаснымі гісторыкамі атаясамліваюцца з інда-скіфамі або цюркамі.
У часы І — пачатку ІІ стагодзьдзяў н.э. кушанскія ўладаньні дасягнулі паўночнага ўсходу Індыі, аб чым сьведчаць адпаведныя пісьмовыя помнікі, знойдзеныя ля сучаснага Варанасі і якія датуюцца эпохай кіраваньня цара Канішкі (пачалася каля 127 г.)[12][13][14]. Блізу 152 г. н.э. кушаны выпраўляюцца за Каракарум, у выніку чаго была захопленая практычна ўся Тарымская западзіна, а таксама суседнія гандлёвыя гарады Кашгар, Хатан і Яркенд, што спрычынілася да кантролю кушанамі гандлёвага шляху з гістарычнага рэгіёну Гандгара (паўночныя часткі Пакістану й Аўганістану) у Кітай, які працягваўся больш за стагодзьдзе. Бясьпека, забясьпечаная кушанскім кантролем над гэтым транзытным рэгіёнам, адыграла значную культурную ролю ў тагачаснай Азіі, у прыватнасьці, пацягнула за сабою распаўсюджваньне будызму плыні магаяна ў Кітай. Кіраўнікі Кушану падтрымлівалі дыпляматычныя сувязі з шырокім спэктрам краінаў тагачаснага сьвету, а менавіта з Рымскай імпэрыяй, Дзяржавай Сасанідаў, Аксумам і Кітаем. У часы захопу Тарымскага рэгіёну на гэтых тэрыторыях у якасьці мовы справаводзтва быў уведзены пракрыт на аснове індыйскага пісьма брагмі.
Нягледзячы на вялікі ўзровень разьвіцьця культуры, які пакінуў да цяперашняга часу вялікі корпус філязофскіх, мастацкіх і навуковых дакумэнтаў, большая частка тагачасных гістарычных сьведчаньняў аб дзяржаве Кушанаў прыпадае на мовы іншых краінаў, у прыватнасьці, кітайскую[15].
Заняпад Кушанскага царства прыпадае на ІІІ ст. н.э., калі дзяржава распалася на шэраг драбнейшых удзельных уладаньняў, якія ўрэшце былі заваяваныя з захаду Сасанідамі, да якіх у IV ст. далучылася й Імпэрыя Гупта з усходу. Канчатковы заняпад дзяржавы быў пакладзены дзякуючы плямёнам гефталітаў, якія ўварваліся на тэрыторыю царства з поўначы[4].
Насельніцтва дзяржавы было этнічна разнародным, выкарыстоўваючы розныя ўсходнеіранскія мовы, у прыватнасьці, кушанскую й бактрыйскую. Кушанскае царства падчас свайго існаваньня злучыла культурныя традыцыі шматлікіх народаў: напрыклад, на грунце дзяржавы паўстаў г.зв. грэка-будызм.