Беларуская мова
нацыянальная мова беларусаў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Белару́ская мо́ва (гістарычныя назвы — літоўская, руская) — нацыянальная мова беларусаў, якая ў XXI стагодзьдзі стала адною з загрожаных[3][4][5][6] сярод моваў ўсходняе[lower-alpha 1] групы славянскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў праз абмаскальваньне Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі.
Беларуская мова лац. Biełaruskaja mova | |
Ужываецца ў | Беларусі, Польшчы й 14 іншых краінах |
---|---|
Рэгіён | Усходняя Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | Беларусь: 5,058 млн (2009)[1] |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская Славянскія |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Беларусі |
Дапаможная мова ў | 5 гмінах Падляскага ваяводзтва Польшчы, Чэхіі[2] |
Рэгулюецца | Нацыянальнай акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь |
Статус: | уразьлівая |
Пісьмо | беларускі альфабэт, беларуская лацінка, беларускі арабскі альфабэт |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | be |
ISO 639-2(Б) | bel |
ISO 639-2(Т) | bel |
ISO 639-3 | bel |
SIL | BEL |
Выкарыстоўваецца ў Беларусі, сумежных дзяржавах і беларускай дыяспары. Дзяржаўная мова Беларусі. У 2001 годзе налічвала прынамсі 6,7 млн носьбітаў[8]. На 2011 год уваходзіла ў 100 найбольш ужывальных з амаль 400 высокаразьвітых пісьмовых літаратурных моваў сьвету[9][10]. Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году, большасьць жыхароў краіны (5058,4 тыс. чалавек; 53,2%) вызначыла беларускую мову як родную. Пры гэтым была моваю зносінаў толькі 23% насельніцтва (2227,2 тыс. чалавек)[1]. Паводле перапісаў 1999 і 2009 гадоў за 10 гадоў праз расеізацыю болей чым на 20 адсоткавых пунктаў (з 73% да 53%) зьнізілася доля жыхароў, чыя родная мова была беларускаю, на 14 адсоткавых пунктаў (з 37% да 23%) стала менш беларускамоўных[11]. Праз такія перамены ў 2009 годзе Арґанізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі й культуры залічыла беларускую мову да ліку загрожаных[4][5].
Беларуская мова — адна з настаражытнейшых нацыянальных дзяржаўных моваў у Эўропе. Яна была асноўнаю пісьмоваю моваю Вялікага Княства Літоўскага ад самага яго стварэньня ў XIII стагодзьдзі[12] й мела ад пачатку толькі кірылічную азбуку (Статут ВКЛ 1588 году). У часы Рэфармацыі з пашырэньнем асьветы ў эўрапейскім стылі пачалі сустракацца беларускія тэксты, выкананыя лацінскаю графікаю[13]. Вынікам гістарычнага разьвіцьця беларускае мовы стала наяўнасьць двух альфабэтаў: побач з больш пашыранай і афіцыйна прынятаю кірыліцаю таксама ўжываецца традыцыйны беларускі лацінскі альфабэт[14]. У 1990—2000-х гадох фактычна аформілася існаваньне двух правапісаў (шырэй — моўных нормаў): клясычнага беларускага (тарашкевіцы) і наркамаўкі.