Поле (фізіка)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Поле — фізічная велічыня, якая прымае нейкія значэнні ў кожным пункце ў прасторы і часе[1]. Напрыклад, у прагнозах надвор’я хуткасць ветру апісваецца ў кожным пункце прасторы вектарам. Кожны такі вектар паказвае хуткасць і напрамак руху паветра ў дадзеным пункце.
Палі падзяляюцца на скалярныя, вектарныя, спінарныя або тэнзарныя, згодна з тым, якія значэнні прымае поле — скалярныя, вектарныя, спінарныя ці тэнзарныя, адпаведна. Напрыклад, Ньютанава гравітацыйнае поле ёсць вектарнае поле: яго значэнне ў пункце прасторы-часу задаецца трыма лікамі, кампанентамі вектара гравітацыйнага поля ў гэтым пункце. Больш за тое, у кожнай катэгорыі (скалярныя, вектарныя, тэнзарныя), поле можа быць ці класічным, ці квантавым, у залежнасці ад таго, як яно апісваецца: лікамі ці квантавымі аператарамі.
Можна ўяўляць, што поле распаўсюджваецца скрозь прастору. На практыцы, напружанасць усіх вядомых палёў спадае і ў некаторым пункце становіцца настолькі малой, што не выяўляецца прыборамі. Напрыклад, у Ньютанавай тэорыі гравітацыі напружанасць гравітацыйнага поля адваротна прапарцыянальная квадрату адлегласці ад гравітуючага цела. У выніку гравітацыйнае поле Зямлі хутка становіцца невыяўляльным на касмічных адлегласцях.
Абстрактнае вызначэнне поля як «лікаў у прасторы» не павінна адцягваць ад ідэі, што поле мае рэальны фізічны сэнс. «Яно займае прастору. Яно ўтрымлівае энергію. Яго наяўнасць выключае сапраўдны вакуум»[2]. Поле стварае «ўмовы ў прасторы»[3]:2–4, якія «адчуваюцца» змешчанаю ў поле часціцаю.
Калі электрычны зарад паскараецца, на іншым зарадзе гэта не праяўляецца імгненна. Першы зарад пад дзеяннем сілы набірае імпульс, але другі не адчувае ніякага ўздзеяння, пакуль індукцыя, якая распаўсюджваецца з хуткасцю святла, не дасягне яго і не перадасць яму імпульс. Дзе ў гэты час знаходзіцца імпульс? Згодна з законам захавання імпульсу ён павінен недзе быць. Фізікі лічаць «вельмі зручным пры аналізе сіл»[3]:9–10 думаць, што імпульс знаходзіцца ў полі.
Гэта зручнасць дае фізікам аснову для ўпэўненасці, што электрамагнітнае поле сапраўды існуе, і робіць паняцце поля адным з краевугольных камянёў усяго будынка сучаснай фізікі. Тым не менш, Джон Уілер і Рычард Фейнман сур’ёзна разглядалі Ньютанаўскую да-палявую ідэю дзеяння на адлегласці (хоць і пакідалі яе ўбаку з тае прычыны, што ідэя поля вельмі карысная для даследаванняў у агульнай тэорыі адноснасці і квантавай электрадынаміцы).
«Той факт, што электрамагнітнае поле можа валодаць імпульсам і энергіяй, робіць яго вельмі рэальным… часціца стварае поле, а поле дзейнічае на іншую часціцу, і палі маюць такія ўласцівасці як запас энергіі і імпульс, якраз як часціцы»[3].