Універсальная дзесятковая класіфікацыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Універса́льная дзесятко́вая класіфіка́цыя, скарочана УДК (англ.: Universal Decimal Classification, UDC) — сістэма класіфікацыі інфармацыі, шырока ўжываецца ў свеце для сістэматызацыі твораў навукі, літаратуры і мастацтва, перыядычнага друку, розных відаў дакументаў і арганізацыі картатэк. Цэнтральнай часткай УДК з’яўляюцца асноўныя табліцы, якія ахопліваюць усю сукупнасць ведаў і пабудаваныя паводле іерархічнага прынцыпу дзялення ад агульнага да прыватнага з выкарыстаннем лічбавага дзесятковага кода.
УДК арганізавана як цэласная сістэма, дзе ўсе галіны ведаў звязаны паміж сабой, і прызначана для апісання і індэксавання зместу інфармацыйных рэсурсаў незалежна ад носьбіта, формы, фармату і мовы[1][2][3][4]. УДК уяўляе сабой аналітыка-сінтэтычную і фасетную сістэму класіфікацыі з падрабязным слоўнікам і сінтаксісам, што забяспечвае моцную індэксацыю інфармацыі і значна спрашчае пошук інфармацыі пры вялікіх яе аб’ёмах[5][6]. З 1 студзеня 1992 года УДК належыць і знаходзіцца пад кіраўніцтвам Кансорцыума УДК, некамерцыйнай міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў са штаб-кватэрай у Гаазе (Нідэрланды)[7].