Польскі паход Чырвонай Арміі (1939)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, у савецкай гістарыяграфіі вызваленчы паход Чырвонай Арміі, або вераснёўскі паход Чырвонай Арміі — вайсковая аперацыя СССР супраць Польшчы, праведзеная 17—28 верасня 1939 года[1] па заняцці тэрыторый Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, паводле падзелу сфер уплыву паміж СССР і Германіяй па дамове ад 23 жніўня 1939 года. Аперацыю праводзілі падчас Польскай абарончай вайны (1939), але фармальна СССР у вайну не ўступаў, аперацыя называлася як «мера савецкага ўраду па абароне інтарэсаў беларускага і ўкраінскага народаў».
Вынікам аперацыі сталі хуткая і лёгкая перамога СССР над ужо аслабелай, палітычна і вайскова, Польшчай, далучэнне зямель Заходняй Беларусі і Украіны да БССР і УССР, падпісанне новага савецка-германскага дагавора (28.9.1939).
Страты савецкага боку склалі каля 1 тыс. чалавек забітымі, звыш 2 тыс. чалавек параненымі[2] (афіцыйна (1939): па ўсіх франтах 737 забітых і 1872 параненых). Страты польскага боку: 3,5 тыс. забітых, 20 тыс. параненых і зніклых без звестак, 454,7 тыс. палонных[3].