From Wikipedia, the free encyclopedia
Таксін Чынават (нар. 26 ліпеня 1949) — тайскі палітык і бізнесмен кітайскага паходжання. Прэм’ер-міністр Тайланда з лютага 2001 па верасень 2006 года.
Пачаў займацца прадпрымальніцтвам сумесна з жонкай, калі знаходзіўся на службе ў паліцыі, зарабіў грошы на продажы праграмнага забеспячэння. У 1983 годзе ён заснаваў тэлекамунікацыйную кампанію Shinawatra Corporation, якая ў 1990-я стала самым буйным мабільным аператарам Тайланда і зрабіла яго мільярдэрам.
У 1987 годзе выйшаў у адстаўку.
З 1994 года ў палітыцы (як віцэ-прэм’ер). У 1998 годзе заснаваў партыю «Тайцы любяць тайцаў». У аснове яго палітычнай праграмы было зніжэнне коштаў на медыцынскую страхоўку і адтэрміноўка крэдытаў для сялян. Пасля перамогі яго партыі на парламенцкіх выбарах у 2001 годзе ён стаў прэм’ер-міністрам краіны.
У гады яго кіравання абвастрыліся міжрэлігійныя сутыкненні паміж будыстамі і мусульманамі на поўдні краіны.
Падчас яго праўлення Тайланд дабіўся сур’ёзных поспехаў у эканоміцы, расплаціўся з даўгамі перад МВФ. Урад Таксіна Чынавата пачаў рэалізацыю праграм па скарачэнні беднасці, пашырэнні інфраструктуры, развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, забеспячэнні ўсеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя. Таксін абвясціў «вайну з наркотыкамі», у якой загінула больш за 2500 чалавек, і рашуча выступіў супраць сепаратысцкага мецяжу ў мусульманскіх паўднёвых правінцыях. Ён быў першым дэмакратычна абраным прэм’ер-міністрам Тайланда на поўны тэрмін і быў пераабраны ў 2005 годзе пераважнай большасцю галасоў. Значную крытыку выклікаў продаж акцый яго карпарацыі коштам больш за мільярд долараў замежным інвестарам без выплаты падаткаў. Рух грамадзян супраць Таксіна, названы Народным альянсам за дэмакратыю ці «жаўтарубашачнікамі», пачаў масавыя пратэсты, абвінаваціўшы яго ў карупцыі, злоўжыванні ўладай і аўтакратычных тэндэнцыях. Таксін аб’явіў аб датэрміновых выбарах, якія байкатавала апазіцыя і Канстытуцыйны суд.
У студзені 2006 года стала вядома, што яго сям’я прадала сваю частку кампаніі інвестарам у Сінгапуры за $1,6 млрд не заплаціўшы ўсе падаткі. Скандал прывёў да шматтысячных пратэстаў і новых выбараў, якія з-за вялікай колькасці парушэнняў канстытуцыйны суд прызнаў несапраўднымі. У выніку ўладу ў свае рукі ўзялі вайскоўцы — 19 верасня 2006 года ў Тайландзе адбыўся ваенны пераварот. Яго партыя была абвешчана па-за законам і ён быў адхілены ад палітычнай дзейнасці. З таго часу Таксін жыў у выгнанні, за выключэннем кароткага візіту ў Тайланд у 2008 годзе. У 2008 годзе быў завочна прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне ўладай. З красавіка 2019 года яго таксама завочна прыгаварылі да розных турэмных тэрмінаў (8 гадоў у сукупнасці), у тым ліку за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, ухіленне ад выплаты падаткаў і карупцыю.
Беспаспяхова спрабаваў атрымаць палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. 13 сакавіка 2010 года ён афіцыйна эміграваў у Чарнагорыю. З-за мяжы працягвае ўплываць на тайскую палітыку, праз Партыю народнай улады, якая кіравала ў 2008 годзе, і яе пераемніка арганізацыю Пхыа Тхаі, а таксама аб’яднаны фронт За дэмакратыю супраць дыктатуры, названы «чырвонакашулечнікамі». Яго малодшая сястра Йінглак Чынават была прэм’ер-міністрам Тайланда з 2011 па 2014 год.
У рэйтынгу часопіса Forbes у 2015 годзе займаў 7 месца сярод мільярдэраў Тайланда, яго багацце ацэньваецца ў $1,7 млрд.
22 жніўня 2023 года ён вярнуўся ў Тайланд і быў узяты пад варту. Кароль Тайланда змякчыў яму прысуд да 1 года пазбаўлення волі. 18 лютага 2024 года ён быў умоўна-датэрмінова вызвалены.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.