Сусветныя гульні
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сусветныя гульні — міжнародныя комплексныя спаборніцтвы паводле відаў спорту, якія не ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў. Праводзяцца з 1981 года з перыядычнасцю 1 раз у 4 гады, з 2001 года праходзяць пад патранатам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК).
Арганізатарам Сусветных гульняў з’яўляецца Міжнародная асацыяцыя Сусветных гульняў (IWGA), утвораная ў 1980 годзе па ініцыятыве кіраўнікоў 12 спартыўных федэрацый, якія імкнуліся да папулярызацыі і павышэння статусу сваіх відаў спорту аж да ўключэння іх у Алімпійскую праграму.
На першых Сусветных гульнях, якія прайшлі ў 1981 годзе ў Санта-Клары (ЗША), прынялі ўдзел 1 265 спартсменаў, якія спаборнічалі ў 18 відах спорту. З тых часоў праграма Сусветных гульняў пашырылася больш як у два разы, яе складаюць віды спорту, прызнаныя МАК, але якія не ўваходзяць у Алімпійскую праграму, або выключаныя з яе.
Некаторыя віды, якія прысутнічалі раней на Сусветных гульнях, цяпер прадстаўлены на Алімпіядах (трыятлон, бадмінтон, тэквандо і інш.). Больш таго, па рашэнні МАК, прынятым 12 жніўня 2004 года, прысутнасць асобнага віду спорту на Сусветных гульнях з’яўляецца адным з фактараў для патэнцыйнага траплення яго ў праграму Алімпійскіх гульняў.