Суднабудаванне
галіна прамысловасці / From Wikipedia, the free encyclopedia
Суднабудава́нне[1] — галіна цяжкай прамысловасці, якая ажыццяўляе будаўніцтва і рамонт суднаў розных прызначэнняў. У шырокім сэнсе ўключае таксама комплекс навук і дысцыплін, якія вывучаюць працэсы і аб’екты будаўніцтва: тэорыю карабля, будаўнічую механіку карабля, карабельную архітэктуру, тэорыю праектавання судоў, суднавыя сілавыя ўстаноўкі, суднавыя механізмы, тэхналогію і арганізацыю суднабудавання[2]. Прынята падзяляць на ваеннае (караблебудаванне) і грамадзянскае суднабудаванне[2].
У склад суднабудаўнічай прамысловасці ўваходзяць суднабудаўнічыя заводы (часта з развітым машынабудаваннем), канструктарскія і навуковыя арганізацыі, якія валодаюць вопытнымі басейнамі, кавітацыйнымі трубамі і іншым абсталяваннем для правядзення даследаванняў[3]. Суднабудаўнічыя прадпрыемствы паводле характару арганізацыі вытворчага працэса падзяляюцца на суднабудаўнічыя заводы, суднабудаўнічыя і суднарамонтыня верфі[1].
Тэхналагічны працэс пабудовы сучаснага судна ўключае наступныя асноўныя этапы:
- нарыхтоўчы перыяд, калі адбываецца нарыхтоўка і апрацоўка ліставога і профільнага металу і іншых матэрыялаў, збіраюцца вузлы, секцыі, вырабляюцца дэталі і вырабы машынабудаўнічай часткі;
- блочны перыяд (калі нарыхтоўка блокаў прадугледжана тэхналагічным працэсам пабудовы судна), у час якога адбываецца зборка блокаў корпуса судна з дэталяў, зборачных адзінак і секцый, а таксама могуць праводзіцца гідраўлічныя выпрабаванні карпусных канструкцый блокаў і мантаж асобных механізмаў і абсталявання ў іх;
- стапельны перыяд, ад моманту ўстаноўкі закладной секцыі або блока на месцы будаўніцтва на стапелі і да спуску судна на ваду;
Пасля спуску судна на ваду выконваюць механічна-мантажныя і аздобныя работы, усталёўваюць прылады і абсталяванне, праводзяць іх наладку і выпрабаванне. Пасля гэтага наступае здатачны перыяд, у час якога ажыццяўляюць швартоўныя, хадавыя і дзяржаўныя выпрабаванні судна і афармлення акта прыёмкі. У мэтах скарачэння тэрмінаў пабудовы судна работы розных перыядаў могуць часткова перакрывацца.