Святая святых
From Wikipedia, the free encyclopedia
Святая святых (стар.-грэч.: ἅγιος αγίων, лац.: sancta sanctorum) — калька з яўрэйскага Кадэш ха-Кадашым (іўр.: קֹדֶשׁ הַקֳּדָשִׁים) — самае запаветнае месца Скініі сходу, а затым і Іерусалімскага храма, дзе захоўваліся Скрыжалі Запавету.[1]
Гэтай назвай пазначалася ўнутраная частка Скініі сходу, аддзеленая ад вонкавага памяшкання завесай (парахет), у якой знаходзіўся Каўчэг Запавету.[2] Святасць месца вызначалася яшчэ і тым, што менавіта там, над каўчэгам, Бог з’яўляўся першасвятару для абвяшчэння сваёй волі і запаветаў яўрэйскаму народу.[3] У Іерусалімскім храме, Святая святых звалася таксама двір (іўр.: דְּבִיר або давір[4]) і ў ёй размяшчаўся Краевугольны камень Храмавай гары, над якім цяпер стаіць мусульманскі Купал Скалы. Лічыцца,[5] што з яго Бог пачаў Стварэнне свету.
Святая святых у іўдаізме характарызавалася як месца, дзе фізічна адчуваецца прысутнасць Бога (гл. Шэхіна).