![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/db/Glasblaeser.jpg/640px-Glasblaeser.jpg&w=640&q=50)
Рамяство
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рамяство — дробная ручная вытворчасць, заснаваная на выкарыстанні ручных прылад працы, асабістым майстэрстве работніка, якое дазваляе вырабляць высакаякасныя, часта высакамастацкія вырабы.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/db/Glasblaeser.jpg/640px-Glasblaeser.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/50/Bignami_Otello_portrait_by_Passini_1983.jpg/640px-Bignami_Otello_portrait_by_Passini_1983.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/37/Porcelain_Workshop%2C_Jingdezhen%2C_Jiangxi%2C_China.jpg/640px-Porcelain_Workshop%2C_Jingdezhen%2C_Jiangxi%2C_China.jpg)
Рамяство ўзнікла з пачаткам вытворчай дзейнасці чалавека, прайшло працяглы гістарычны шлях развіцця, прымаючы розныя формы: хатняе рамяство — ва ўмовах натуральнай гаспадаркі; рамяство на заказ — ва ўмовах разлажэння натуральнай гаспадаркі; рамяство на рынак. З узнікненнем рамяства на заказ і асабліва на рынак звязана з'яўленне і развіццё гарадоў як рамесна-гандлёвых цэнтраў. Хатняе рамяство нярэдка называюць хатняй прамысловасцю (гэта значыць вытворчасцю несельскагаспадарчай прадукцыі), рамяство на заказ і на рынак — саматужнай вытворчасцю.
Хатняе рамяство шырока распаўсюджана на працягу ўсёй гісторыі дакапіталістычных грамадстваў. Сельскае насельніцтва вырабляла большую частку рамесных вырабаў, якія ім жа і выкарыстоўваліся. Паступова вядучую ролю стала адыгрываць рамяство на заказ і рынак. У Старажытнай Грэцыі, Старажытным Рыме, у краінах старажытнага Усходу мелася значная колькасць рамеснікаў, якія вялі самастойную гаспадарку і выраблялі вырабы на заказ ці рынак.
Станаўленне прафесійнага рамяства, асабліва ў гарадах, прывяло да ўзнікнення новай сферы вытворчасці і новага сацыяльнага слоя — гарадскіх рамеснікаў. Узнікненне развітых формаў іх арганізацыі (цэхі), якія баранілі інтарэсы гэтага слоя, стварыла асабліва спрыяльныя ўмовы для развіцця гарадскога рамяства ў Сярэднявеччы. Вядучымі галінамі гарадскога рамяства былі: сукнаробства, вытворчасць металічных вырабаў, вырабаў са шкла і інш. Падчас прамысловага перавароту (сярэдзіна XVIII ст. — першая палова XIX ст.) фабрычна-завадская прамысловасць, заснаваная на выкарыстанні машын, выцесніла рамяство. Рамяство (на заказ і на рынак) захавалася ў галінах, звязаных з абслугоўваннем індывідуальных патрэб спажыўца ці з вытворчасцю дарагіх мастацкіх вырабаў — ганчарная справа, ткацтва, мастацкая разьба і да т.п.
У большай ступені рамяство захавалася ў слабаразвітых краінах. Аднак і тут адбываецца яго выцясненне фабрычна-завадской прамысловасцю ў выніку індустрыялізацыі гэтых краін. Захоўваюцца народна-мастацкія рамёствы, звязаныя з абслугоўваннем турызму і з экспартам.
Здаўна чалавецтва ведала такія рамёствы, як:
- кавальства,
- ганчарства,
- цяслярства,
- сталярства,
- кравецтва,
- ткацтва,
- прадзенне,
- лазапляценне,
- кушнерства,
- рымарства
- пякарства,
- шавецтва,
- печкавае,
- гарбарнае,
- ювелірнае
і іншыя