![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/3c/Relief_of_Hatshepsut%2527s_expedition_to_the_Land_of_Punt_by_%25CE%25A3%25CF%2584%25CE%25B1%25CF%258D%25CF%2581%25CE%25BF%25CF%2582.jpg/640px-Relief_of_Hatshepsut%2527s_expedition_to_the_Land_of_Punt_by_%25CE%25A3%25CF%2584%25CE%25B1%25CF%258D%25CF%2581%25CE%25BF%25CF%2582.jpg&w=640&q=50)
Пунт
From Wikipedia, the free encyclopedia
Зямля Пунт (егіп. pwn.t, таксама t3-nṯr, гэта значыць «Зямля багоў») — вядомая старажытным егіпцянам тэрыторыя ва Усходняй Афрыцы.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/3c/Relief_of_Hatshepsut%27s_expedition_to_the_Land_of_Punt_by_%CE%A3%CF%84%CE%B1%CF%8D%CF%81%CE%BF%CF%82.jpg/640px-Relief_of_Hatshepsut%27s_expedition_to_the_Land_of_Punt_by_%CE%A3%CF%84%CE%B1%CF%8D%CF%81%CE%BF%CF%82.jpg)
- Пра сучасную дзяржаву гл. Пунтленд
Пунт, апроч Егіпта, вёў гандаль з Аравіяй і, мабыць, быў размешчаны на Афрыканскім Рогу. Тым не менш, спрэчкі наконт размяшчэння Пунта працягваюцца да нашага часу, з прычыны таго, што егіпецкія крыніцы з усёй дакладнасцю паведамляюць толькі той факт, што Пунт знаходзіўся на паўднёвым узбярэжжы Чырвонага мора. Лічыцца, што Пунт мог знаходзіцца на тэрыторыі сучасных Самалі ці Эрытрэі і часткі суданскага ўзбярэжжа, хоць прапаноўваюцца і тэорыі, якія звязваюць Пунт са згаданымі ў Бібліі Афірам і Саўскім царствам, размешчанымі на тэрыторыі Аравійскага паўвострава.
Некаторыя старажытнаегіпецкія крыніцы прама кажуць аб тым, што Пунт быў прарадзімай егіпцян і калыскай егіпецкіх багоў. Назва «Пунт» была ўключана ў склад назвы сепаратысцкага рэгіёна на паўночным усходзе Самалі, які абвясціў у 1998 аўтаномію па прыкладзе суседняга Самаліленда, — Пунтленд.
Пунт быў пунктам прызначэння шматлікіх егіпецкіх экспедыцый, якія рыхтаваліся для дастаўкі ў Егіпет чорнага дрэва, духмяных рэчываў, у тым ліку ладану (тышэпс, іхмет, хесаіт), чорнай фарбы для вачэй, слановай косці, ручных малпаў, золата, рабоў і шкур экзатычных жывёл, якія абменьваліся на тавары, што прывозіліся з Егіпта. Найважнейшым таварам, які дастаўляўся з Пунта, была міра, неабходная для правядзення рэлігійных цырымоній, а таксама міравыя дрэвы.