Індустрыяльная рэвалюцыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Індустрыяльная (прамысловая) рэвалюцыя (прамысловы пераварот, Вялікая індустрыяльная рэвалюцыя) — пераход ад ручной працы да машыннай, ад мануфактуры да фабрыкі; пераход ад пераважна аграрнай эканомікі да індустрыяльнай вытворчасці, у выніку якога адбываецца трансфармацыя аграрнага грамадства ў індустрыяльнае. Прамысловы пераварот адбываўся ў розных краінах не адначасова, але ў цэлым можна лічыць, што перыяд, калі адбываліся гэтыя змены, пачынаўся ад другой паловы XVIII стагоддзя і працягваўся на працягу XIX стагоддзя. Характэрнай рысай прамысловай рэвалюцыі з’яўляецца імклівы рост прадукцыйных сіл на базе буйной машыннай індустрыі і зацвярджэнне капіталізму ў якасці пануючай сусветнай сістэмы гаспадаркі.
Прамысловая рэвалюцыя звязана не проста з пачаткам масавага прымянення машын, але і з змяненнем усёй структуры грамадства. Яна суправаджалася рэзкім павышэннем прадукцыйнасці працы, хуткай урбанізацыяй, пачаткам хуткага эканамічнага росту (да гэтага эканамічны рост, як правіла, быў прыкметны толькі ў маштабах стагоддзяў) і павелічэннем жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Прамысловая рэвалюцыя дазволіла на працягу жыцця ўсяго толькі 3-5 пакаленняў перайсці ад аграрнага грамадства (дзе большасць насельніцтва вяла натуральную гаспадарку) да індустрыяльнага.