![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f8/Deutschlandlied.jpg/640px-Deutschlandlied.jpg&w=640&q=50)
Песня немцаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Песня немцаў» (ням.: Das Lied der Deutschen), званая таксама песня Германіі (ням.: Deutschlandlied) ці, радзей, гофманска-гайднаўская песня (ням.: Hoffmann-Haydn’sches Lied) — песня, напісаная Гофманам фон Фалерслебенам на музыку Іозефа Гайдна. Створаная 26 жніўня 1841 года на востраве Гельгаланд, які належаў тады Вялікабрытаніі, песня ўпершыню была публічна выканана 5 кастрычніка таго ж года на Jungfernstieg у Гамбургу. Песня была напісана на мелодыю «Імператарскай песні» (ням.: Kaiserlied), створаную Гайднам у 1797 годзе для дзяржаўнага гімна Аўстрыйскай імперыі «Божа, беражы імператара Франца…».
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f8/Deutschlandlied.jpg/640px-Deutschlandlied.jpg)
11 жніўня 1922 года на паседжанні Нацыянальнага сходу Германіі, дзе была прынята Веймарская канстытуцыя, першы рэйхспрэзідэнт Германіі Фрыдрых Эберт абвясціў «Песню немцаў» дзяржаўным гімнам рэспублікі. У часы Трэцяга рэйха выконвалася толькі першая страфа песні, пасля чаго ішоў гімн НСДАП песня Хорста Веселя. Пасля 1945 года выкананне «Песні немцаў» было забаронена, а ў нямецкім грамадстве ішла інтэнсіўная дыскусія пра новы дзяржаўны гімн. У 1952 годзе было вырашана, што гімнам ізноў стане гофманска-гайднаўская песня, аднак выконвацца будзе толькі яе трэцяя страфа. Пасля аб'яднання Германіі гімнам ФРГ афіцыйна стала трэцяя страфа «Песні немцаў».