Палітычныя зняволеныя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Палітычныя зняволеныя або палітычныя вязні — беручы пад увагу адсутнасць адзінага, універсальнага азначэння гэтай з’явы, звычайна падаецца найбольш распаўсюджанае паняцце: асобы, якія знаходзяцца ў турме або свабода якіх істотна абмежаваныя за выступы супраць існуючай у краіне ўлады або за крытыку гэтай улады.
У той самы час, міжнародныя арганізацыі а адпаведным кірунку дзейнасці прапануюць свае азначэнні «палітычнага зняволенага». Напрыклад, у кастрычніку 2012 упершыню вядучая міждзяржаўная арганізацыя — Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) — узгадніла свае разуменне гэтага паняцця, згодна з якім асоба можа быць прызнанай «палітычна зняволенай» пры адпаведнасці такім крытэрам:
- утрыманне пад вартай парушае падставовыя гарантыі, прапісаныя ў Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, сярод ніх: свабода думкі, сумлення і рэлігіі, свабода выказвання меркавання і інфармацыі, а таксама свабода сходаў і асацыяцый;
- утрыманне пад вартай накладваецца выключна па палітычных прычынах;
- час і ўмовы ўтрымання пад вартай не адпавядаюць маштабу злачынства;
- асоба трымаецца пад вартай у дыскрымінацыйных умовах у параўнанні з іншымі асобамі;
- затрыманне з’яўляецца вынікам судовых разглядаў, якія відавочна несправядлівыя і звязаныя з палітычнымі матывамі ўладаў.
Апісаныя крытэрыі з’яўляюцца падказкай для прадстаўнікоў ПАСЕ ў асобных краінах, у адносінах да каго можна ствараць фармальныя рэкамендацыі аб прызнанні «палітычным вязнем».
Паводле іншай міжнароднай арганізацыі, Amnesty International, «палітычным» з’яўляецца кожны зняволены, чыя справа мае значны палітычны складнік. Гэтым складнікам могуць быць як матывы дзеянняў зняволенага, так і яго дзеянні самі па сабе, альбо матывы ўладаў. Слова «палітычны» выкарыстоўваецца Amnesty International у дачыненні да аспектаў чалавечых адносін, звязаных з «палітыкай»: грамадскімі механізмамі і механізмамі грамадзянскага парадку, прынцыпамі, арганізацыямі або вядзеннем дзяржаўных або грамадскіх спраў, сувяззю ўсяго гэтага з пытаннямі мовы, этнічнага паходжання, полу ці рэлігіі, статусу або ўплыву (сярод іншых фактараў).
Amnesty International аперыруе і іншым паняццем — «вязні сумлення», разумеючы яго як больш вузкае паняцце, чым «палітычныя вязні». Розніца — у большай дэталёвасці азначэння, якое звыкла фармулюецца наступным чынам: вязні сумлення — гэта асобы, заключаныя ў турму або з абмежаванай свабодай з-за іх палітычных ці рэлігійных перакананняў, этнічнага паходжання, полу, расы, мовы, эканамічнага становішча, сексуальнай арыентацыі, ці іншага становішча. Акрамя таго, вязнем сумлення не можа лічыцца асоба, якая ўжывала ці абараняла ўжыццё гвалту, нават у абарону сваіх правоў і свабод.