Найміты ў Біяфры
From Wikipedia, the free encyclopedia
Падчас грамадзянскай вайны ў Нігерыі (1967—1970) як за ўрад, так і за сепаратыстаў змагаліся замежныя найміты, пераважна еўрапейскага паходжання. Хоць прэса тых гадоў заяўляла пра сотні белых баевікоў, аднак фактычна іх прысутнасць у «гарачай кропцы» была досыць сціплай, у параўнанні з папярэднімі канфліктамі[1].
Была надзея, што выкарыстанне наймітаў у Нігерыі акажа такі ж уплыў, як і ў Конга, але «дзікія гусі» апынуліся ў значнай ступені неэфектыўнымі. Брытанскі гісторык Філіп Бакстэр пісаў, што прынцыповая розніца заключалася ў тым, што нігерыйскія афіцэры з’яўляліся больш падрыхтаванымі ў ваеннай справе, чым кангалезскія апалчэнцы[2]. Як адзначаў яго расійскі калега Павел Кандрацьеў, замежныя баевікі з самага пачатку разумелі становішча, у якім знаходзіліся сепаратысты. Менавіта таму на ўдзел у нігерыйскім супрацьстаянні адважыліся нешматлікія, а большасць з іх амаль адразу пакінулі «гарачую кропку». Тыя, хто засталіся, не аказалі вырашальнага ўплыву на ход вайны, а толькі працягнулі канфлікт[3].