Меёз
From Wikipedia, the free encyclopedia
Меё́з (ад стар.-грэч.: μείωσις — памяншэнне), або рэдукцыйнае дзяленне клеткі — дзяленне ядра эўкарыятычнай клеткі з памяншэннем колькасці храмасом у два разы. Адбываецца ў два этапы (рэдукцыйны і эквацыйны этапы меёзу). Меёз не варта змешваць з гаметагенезам — утварэннем спецыялізаваных палавых клетак, ці гамет, з недыферэнцыяваных ствалавых.
З памяншэннем колькасці храмасом у выніку меёзу ў жыццёвым цыкле адбываецца пераход ад дыплоіднай фазы да гаплоіднай. Аднаўленне плоіднасці (пераход ад гаплоіднай фазы да дыплоіднай) адбываецца ў выніку палавога працэсу.
У сувязі з тым, што ў прафазе першага, рэдукцыйнага, этапу адбываецца папарнае зліццё (кан'югацыя) гамалагічных храмасом, правільнае праходжанне меёзу магчыма толькі ў дыплоідных клетках ці ў цотных поліплоідах (тэтра-, гексаплоідных і да т.п. клетках). Меёз можа адбывацца і ў няцотных поліплоідах (тры-, пентаплоідных і да т.п. клетках), але ў іх, з-за немагчымасці забяспечыць папарнае зліццё храмасом у прафазе I, разыходжанне храмасом адбываецца з парушэннямі, якія ставяць пад пагрозу жыццяздольнасць клеткі ці шматклетачнага гаплоіднага арганізма, які развіваецца з яе.
Гэты ж механізм ляжыць у аснове стэрыльнасці міжвідавых гібрыдаў. Паколькі ў міжвідавых гібрыдаў у ядры клетак спалучаюцца храмасомы бацькоў, якія адносяцца да розных відаў, храмасомы звычайна не могуць уступіць у кан'югацыю. Гэта прыводзіць да парушэнняў у разыходжанні храмасом пры меёзе і, у канчатковым выніку, да нежыццяздольнасці палавых клетак, ці гамет (асноўным сродкам барацьбы з гэтай праблемай з'яўляецца выкарыстанне поліплоідных храмасомных набораў, паколькі ў гэтым выпадку кожная храмасома кан'югуе з адпаведнай храмасомай свайго набору). Пэўныя абмежаванні на кан'югацыю храмасом накладваюць і храмасомныя перабудовы (маштабныя дэлецыі, дуплікацыі, інверсіі ці транслакацыі).