![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0f/Raman_Skirmunt._%25D0%25A0%25D0%25B0%25D0%25BC%25D0%25B0%25D0%25BD_%25D0%25A1%25D0%25BA%25D1%2596%25D1%2580%25D0%25BC%25D1%2583%25D0%25BD%25D1%2582_%25281906%2529.jpg/640px-Raman_Skirmunt._%25D0%25A0%25D0%25B0%25D0%25BC%25D0%25B0%25D0%25BD_%25D0%25A1%25D0%25BA%25D1%2596%25D1%2580%25D0%25BC%25D1%2583%25D0%25BD%25D1%2582_%25281906%2529.jpg&w=640&q=50)
Менскае беларускае прадстаўніцтва
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ме́нскае белару́скае прадстаўні́цтва, Белару́скае наро́днае прадстаўні́цтва — палітычнае аб’яднанне беларускіх партый і груп ліберальнай і правасацыялістычнай арыентацыі ў 1918 годзе[1].
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0f/Raman_Skirmunt._%D0%A0%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BD_%D0%A1%D0%BA%D1%96%D1%80%D0%BC%D1%83%D0%BD%D1%82_%281906%29.jpg/320px-Raman_Skirmunt._%D0%A0%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BD_%D0%A1%D0%BA%D1%96%D1%80%D0%BC%D1%83%D0%BD%D1%82_%281906%29.jpg)
Створана 25 лютага 1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускага праваслаўнага аб’яднання, Беларускага саюза зямельных уласнікаў і інш. У выканаўчы камітэт уваходзілі Раман Скірмунт, Павел Аляксюк, Кіпрыян Кандратовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандр Уласаў, Віктар Чавусаў, Рамуальд Зямкевіч, А. Русецкі, Сцяфан Кульчыцкі. Друкаваны орган — газета «Беларускі шлях». Займала будынак на вуліцы Серпухаўскай у Менску, з лета 1918 года — будынак Юбілейнага дома.
Прадстаўніцтва аб’ядноўвала палітычныя сілы, якія спаборнічалі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. У праграмных дакументах заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць беларускага народа. 12 красавіка і 14 красавіка 1918 года выканаўчы камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва кааптаваны ў склад Рады БНР. На яго аснове аформілася правацэнтрысцкая фракцыя, якая арыентавала Раду БНР на супрацоўніцтва з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. 20 красавіка Менскае беларускае прадстаўніцтва дамаглося згоды германскага камандавання на стварэнне груп беларускіх раднікаў пры акупацыйнай адміністрацыі (губернскіх і павятовых камендантах) для рэгулявання адносін насельніцтва з уладай. 25 красавіка 1918 на закрытым пасяджэнні Рады БНР фракцыя Менскага беларускага прадстаўніцтва падтрымала прыняцце тэлеграмы германскаму кайзеру Вільгельму II, у якой ад імя Рады БНР заяўлялася, што будучыню Беларусі, яны бачаць пад апекай германскай дзяржавы. Гэтыя дзеянні паскорылі працэс палярызацыі сіл у Радзе БНР. У канцы траўня — пачатку чэрвеня 1918 года Раман Скірмунт прызначаны новым кіраўніком урада БНР. Ён заклікаў да супрацоўніцтва «ўсе жывыя беларускія сілы ў інтарэсах народа». Але высокая лаяльнасць да германскай акупацыйнай улады прывяла да ізаляцыі прадстаўнікоў «Менскага беларускага прадстаўніцтва» ў Радзе БНР. Пад націскам сацыялістычных фракцый урад Скірмунта ў пачатку ліпеня 1918 падаў у адстаўку, так і не сфармаваўшы ўрад, пры гэтым папярэдні ўрад не склаў свае паўнамоцтвы і дзейнічаў паралельна. Палітычны ўплыў «Менскага беларускага прадстаўніцтва» паступова зніжаўся, і яно распалася ў канцы 1918 года.