Маса
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ма́са (ад грэчаскага μᾶζα) — скалярная фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе інертнасць цела, г. зн. яго здольнасць супраціўляцца знешнім уздзеянням. Чым большая маса цела, тым павольней яно будзе змяняць сваю хуткасць пад уплывам знешняй сілы, інакш кажучы — тым меншым будзе яго паскарэнне.
У механіцы паняцце масы было ўведзена І. Ньютанам. У класічнай механіцы маса з'яўляецца адытыўнай велічынёй, г. зн. маса складанай сістэмы ёсць сума мас яе частак.
Паняцце масы ўзнікае незалежна пры апісанні розных з'яў. Таму выдзяляюць наступныя віды масы:
- Інертная маса — мера інертнасці цела.
- Гравітацыйная маса — мера гравітацыйнага ўзаемадзеяння цел.
Сёння лічыцца, што гравітацыйная і інертная масы роўныя адна другой (гэта пацвярджаецца з высокаю дакладнасцю — парадку 10−13 — эксперыментальна[1], і ў большасці фізічных тэорый, у тым ліку ва ўсіх эксперыментальна пацверджаных, гэтыя масы разглядаюцца як дакладна роўныя), таму ў тым выпадку, калі гаворка ідзе не пра «новую фізіку», проста кажуць пра масу, не ўдакладняючы, якую з іх маюць на ўвазе.
У рэлятывісцкай механіцы масу вызначаюць як абсалютную велічыню 4-вектара энергіі-імпульсу[2]:
- дзе E — поўная энергія свабоднага цела, p — яго імпульс, c — хуткасць святла.
Пры такім азначэнні маса неадытыўная, але інварыянтная велічыня. Іншы раз (асабліва ў старой і папулярнай літаратуры) масу ў такім значэнні называюць інварыянтнай масай ці масай спакою.
Таксама ў папулярнай літаратуры сустракаецца паняцце рэлятывісцкая маса, якую вызначаюць як дзель поўнай энергіі цела на квадрат хуткасці святла.
Прырода масы — адна з найважнейшых нявырашаных праблем фізікі.