![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/ae/Manichvest_1_studzienia_1919.jpg/640px-Manichvest_1_studzienia_1919.jpg&w=640&q=50)
Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі — першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падрыхтаваны З. Жылуновічам паміж 25 і 30 снежня 1918 у Маскве, падпісаны ў ноч з 1 на 2 студзеня 1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З. Жылуновічам і членамі ўрада А. Ф. Мясніковым, А. Р. Чарвяковым, С. В. Івановым, І. І. Рэйнгольд.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/ae/Manichvest_1_studzienia_1919.jpg/640px-Manichvest_1_studzienia_1919.jpg)
Упершыню апублікаваны на рускай мове 3 студзеня 1919, на беларускай мове апублікаваны 19 студзеня 1919 года ў першым нумары афіцыйнага ўрадавага органа — «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі». Месцам абвяшчэння названы Мінск.
Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупацыйных улад і скасаванне іх законаў, дагавораў, пастаноў, распараджэнняў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб'яўляліся па-за законам. Абвясціў устанаўленне на Беларусі рэвалюцыйнага парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Маніфест дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вады і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэрыторыі Беларусі дэкрэты РСФСР «па забеспячэнню рабочага класа». Пытанні тэрыторыі рэспублікі ў ім не закраналіся.