Мабільная праграма
праграма для мабільных прылад / From Wikipedia, the free encyclopedia
Мабі́льная прагра́ма[1], таксама мабі́льная апліка́цыя[2][3][4] (англ.: mobile application, mobile app) — камп’ютарная праграма або праграмнае забеспячэнне, прызначанае для працы на мабільнай прыладзе, такой як тэлефон, планшэт ці гадзіннік. Мабільныя праграмы часта адрозніваюцца ад праграм для стацыянарных камп’ютараў і вэб-праграм, якія працуюць у мабільных вэб-браўзерах, а не непасрэдна на мабільнай прыладзе.
Спачатку мабільныя праграмы прызначаліся для праверкі электроннай пошты, работы з календаром і базай даных кантактаў, але высокі попыт на мабільныя праграмы прывёў да іх хуткага распаўсюджвання ў іншых галінах, такіх як мабільныя гульні, праца з GPS-навігацыяй, сувязь праз месэнджары, прагляд відэа і інш. Мабільныя праграмы звычайна спампоўваюць з крам мабільных праграм, якія з'яўляюцца разнавіднасцю платформ лічбавага распаўсюджвання.
Мабільныя праграмы дзеляцца на тры тыпы: родныя праграмы, гібрыдныя і вэб-праграмы. Родныя праграмы распрацоўваюцца спецыяльна для мабільнай аперацыйнай сістэмы, як правіла iOS або Android. Вэб-праграмы напісаныя на HTML5 або CSS і звычайна запускаюцца праз браўзер. Гібрыдныя праграмы ствараюцца з выкарыстаннем вэб-тэхналогій, такіх як JavaScript, CSS і HTML5, і функцыянуюць як вэб-праграмы, замаскіраваныя ва ўласным кантэйнеры[5].