Лыткавая цягліца
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лы́ткавая цяглі́ца[1] (лац.: m. gastrocnemius), або Ікрано́жная мы́шца[2] — парная цягліца, размешчаная на задняй паверхні галёнкі чалавека. Разам з камбалападобнай цягліцай утварае трохгалоўкавую цягліцу галёнкі. Лыткавая цягліца ўтворана дзвюма моцнымі мясістымі галоўкамі — медыяльнай і латэральнай. Больш моцная медыяльная галоўка, лац.: caput mediale, бярэ пачатак ад падкаленевай паверхні над медыяльнай мышчалкай сцегнавой косці, а латэральная галоўка, лац.: caput laterale, — сіметрычна ёй, але крыху ніжэй, над латэральнай мышчалкай сцегнавой косці. Пад кожным з сухажыллеў апісаных галовак на мышчалках знаходзяцца адпаведна медыяльная падсухажыльная сумка лыткавай цягліцы, лац.: bursa subtendinea musculi gastrocnemii medialis, і латэральная падсухажыльная сумка лыткавай цягліцы, лац.: bursa subtendinea musculi gastrocnemii lateralis. Сваімі пачатковымі аддзеламі галоўкі абмяжоўваюць знізу падкаленевую ямку. Накіроўваючыся ўніз, абедзве галоўкі злучаюцца разам прыблізна на сярэдзіне галёнкі, а потым пераходзяць у агульнае сухажылле.