![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/b/b9/LASER.jpg/640px-LASER.jpg&w=640&q=50)
Лазер
Прылада, якая пераўтварае энергію накачкі ў энергію патоку выпраменьвання / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ла́зер (англ.: laser, акронім light amplification by stimulated emission of radiation «узмацненне святла з дапамогай вымушанага выпраменьвання»), або апты́чны ква́нтавы генера́тар — гэта прылада, якая пераўтварае энергію накачкі (светлавую, электрычную, цеплавую, хімічную і інш.) у энергію кагерэнтнага, монахраматычнага, палярызаванага і вузканакіраванага патоку выпраменьвання.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/b/b9/LASER.jpg/640px-LASER.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/7e/Laser.jpg/640px-Laser.jpg)
Работа лазера заснавана на квантавамеханічнай з’яве вымушанага (індуцыраванага) выпраменьвання. Выпраменьванне лазера можа быць бесперапынным, з пастаяннай магутнасцю, або імпульсным і дасягаць гранічна вялікіх пікавых магутнасцей. У некаторых схемах рабочы элемент лазера выкарыстоўваецца ў якасці аптычнага ўзмацняльніка для выпраменьвання ад іншай крыніцы. Існуе вялікая колькасць відаў лазераў, якія выкарыстоўваюць у якасці рабочага асяроддзя ўсе агрэгатныя станы рэчыва. Некаторыя тыпы лазераў, напрыклад, лазеры на растворах фарбавальнікаў або поліхраматычныя цвердацельныя лазеры, могуць генераваць цэлы набор частот (мод аптычнага рэзанатара) у шырокім спектральным дыяпазоне. Габарыты лазераў адрозніваюцца ад мікраскапічных для шэрагу паўправадніковых лазераў да памераў футбольнага поля для некаторых лазераў на неадымавым шкле. Унікальныя ўласцівасці выпраменьвання лазераў дазволілі выкарыстоўваць іх у розных галінах навукі і тэхнікі, а таксама ў побыце, пачынаючы з чытання і запісу кампакт-дыскаў і заканчваючы даследаваннямі ў галіне кіруемага тэрмаядзернага сінтэзу.