Невялікая чапля. Даўжыня цела да 60 см, маса 500—700 г, размах крылаў 1,05—1,12 м. Адзін з найбольш прыгожых прадстаўнікоў сямейства. Ад іншых чапляў адрозніваецца каржакаватым целаскладам і кароткай шыяй. Спіна і верх галавы чорныя, крылы шэрыя, надбрыўная палоса, лоб і брушка белыя. Дзюба чорная, вочы чырвоныя. Вясной на патыліцы ўтвараецца чубок з доўгіх пёраў.
Пашырэнне: Еўразія, Афрыка, Паўночная і Паўднёвая Амерыка. Ва ўсходняй Галарктыцы праз Беларускае Палессе, Ніжняе Паволжа і Казахстан праходзіць паўночная мяжа пашырэння. Месцы пражывання: хмызнякі і зараснікі трыснягу ў поймах рэк. Зрэдку селіцца ў калоніях іншых відаў чапляў.
Кваквы, якія жывуць у Еўропе, — пералётныя. Зімуюць у экватарыяльнай Афрыцы.
Гняздуецца пераважна на дрэвах, пры іх адсутнасці — на кустах вярбы або на заломах трыснягу і іншай прыбярэжнай расліннасці. У кладцы 3—5 яек памерамі 49,2 x 35,5 мм.