расійскі мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Канстанцін Ягоравіч Макоўскі (руск.: Константи́н Его́рович Мако́вский; 1839—1915) — рускі жывапісец, правадзейны член пецярбургскай АМ (1898). Адзін найпапулярнейшых расійскіх мастакоў у канцы XIX ст. Партрэты ў яго заказвалі члены імператарскай сям'і і пецярбургскія дваране. Карціны Макоўскага экспанаваліся на выставах Таварыства перасоўнікаў, Пецярбургскага таварыства мастакоў, а самога жывапісца ў прэсе называлі «натхнёным спеваком эпохі».
Канстанцін Ягоравіч Макоўскі | |
---|---|
руск.: Константин Егорович Маковский | |
Дата нараджэння | 20 чэрвеня (2 ліпеня) 1839[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 (30) верасня 1915[1][2] (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Egor Makovsky[d] |
Дзеці | Elena Luksch-Makowsky[d], Sergey Makovsky[d] і Wladimir Makovsky[d] |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | партрэт[6] |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | рэалізм[d][8] і акадэмізм[8] |
Член у | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў Маскве. Сын дзеяча мастацтваў і мастака-аматара, Ягора Іванавіча Макоўскага, аднаго з заснавальнікаў «натурнага класа» на Вялікай Нікіцкай, які пазней стаў Вучылішчам жывапісу і скульптуры, а пасля 1865 года - Маскоўскім вучылішчам жывапісу, скульптуры і дойлідства. Брат жывапісцаў Аляксандра, Мікалая і Уладзіміра Макоўскага. Малодшая сястра мастака, Марыя Ягораўна Макоўская, была актрысай. Сярод сяброў сям'і былі Карл Брулоў і Васіль Трапінін. Пазней Канстанцін Макоўскі пісаў: «Тым, што з мяне выйшла, я лічу абавязаным не акадэміі, не прафесарам, а выключна майму бацьку».
Маці будучага партрэтыста, спявачка Любоў Маленгауэр выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі. Яна займалася з дзецьмі музыкай, будучы мастак ўмеў граць на фартэпіяна і спяваць.
У 1851 годзе паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу і скульптуры, дзе, стаўшы першым студэнтам, лёгка атрымаў усе магчымыя ўзнагароды. Яго настаўнікамі былі М. І. Скоці, А. Н. Макрыцкая, С. К. Заранка, усе—вучні Карла Брулова. Схільнасць Макоўскага да рамантызму і дэкаратыўных эфектаў можна тлумачыць уплывам Брулова.
У 1858 годзе Макоўскі паступіў у Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. З 1860 года ён браў удзел у выставах Акадэміі з такімі карцінамі як «Вылячэнне сляпых» (1860) і «Агенты Дзімітрыя Самазванца забіваюць сына Барыса Гадунова» (1862).
Да 1863 года Макоўскі увайшоў лік лепшых студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Сярод іх штогод ладзілі конкурс на вялікі залаты медаль. Выпускніку Акадэміі, які атрымліваў гэтую ўзнагароду, дзяржава прызначала грашовую дапамогу, i на працягу шасці гадоў аплачвала жыццё і працу ў Італіі.
У 1863 годзе правілы ўдзелу ў конкурсе змяніліся. Арганізатары аб’ядналі студэнтаў жанравага і гістарычнага класаў і забаранілі ім самастойна выбраць тэму працы. У спіс лепшых навучэнцаў, акрамя Макоўскага, увайшлі яшчэ 13 чалавек, у тым ліку Іван Крамской, Фірс Жураўлёў і Аляксандр Літоўчанка. 8 кастрычніка 1863 года яны падалі заяву ў Савет Акадэміі з просьбай змяніць умовы конкурсу. Зварот застаўся без адказу. Тады студэнты напісалі калектыўны ліст віцэ-прэзідэнту Акадэміі мастацтваў Рыгору Гагарыну і асабіста наведалі некалькіх членаў Савета. Аднак тыя адмовіліся мяняць ўмовы спаборніцтва. 21 лістапада 1863 года, у дзень абвяшчэння тэмы конкурсу, трынаццаць студэнтаў класа жывапісу і адзін вучань класа скульптуры пакінулі Акадэмію мастацтваў. У іх ліку быў і Канстанцін Макоўскі. У прэсе гэты выпадак назвалі «бунтам чатырнаццаці». Ён стаў першым адкрытым выступам супраць акадэмічнага напрамку ў расійскім жывапісе.
Разам з іншымі ўдзельнікамі "бунту чатырнаццаці" Макоўскі ў 1863 годзе ўступіў у Арцель мастакоў. Гэтая арганізацыя стала першым у Расіі незалежным аб’яднаннем жывапісцаў. Ілля Рэпін успамінаў: «Арцель мастакоў - нешта ўзору мастацкай фірмы, майстэрні і канторы, якая прымае заказы з вуліцы, з шыльдай і зацверджаным статутам». Яе ўзначаліў Іван Крамской.
Ён хацеў стварыць працоўную камуну мастакоў узору апісанай у рамане Мікалая Чарнышэўскага "Што рабіць?". Члены арцелі мастакоў знялі кватэру, у якой сумесна пражывалі, здавалі ў арцель грошы - 10% ад кожнай асабіста выкананай працы, 25% - ад створанай сумесна з іншымі членамі арганізацыі.
У 1860-х гадах Макоўскі пісаў сцэны з жыцця пецярбургскіх гараджан. Да яго работ у гэтым жанры належаць «Удавіца», «Сялёдачніца» і «Маленькія шарманшчыкі». У гэтых карцінах Макоўскага крытыкі адзначалі ўплыў Васіля Трапініна: цёмную колеравую гаму, падкрэслена прыгожыя рысы асоб. Гісторык Алена Шырокава пісала: «Канстанцін Макоўскі, чалавек вясёлы і жыццёлюбны, і сам разумеў, што ён не створаны для жывапісання свінцовых мярзотаў дзікага рускага жыцця, не дадзена яму пісаць "зняважаных і абражаных": змардаваных сялянак, абадраных жабракоў, забітых горам удоў».
Пісаў Макоўскі і партрэты. У 1868 годзе ён намаляваў свайго брата Уладзіміра Макоўскага. Мастак часта атрымліваў заказы ад прадстаўнікоў пецярбургскай арыстакратыі і хутка стаў папулярным. Ён зарабляў так шмат, што змог зняць майстэрню паблізу Палацавай плошчы, і неўзабаве выйшаў з арцелі мастакоў.
У 1869 годзе Макоўскі стварыў палатно «Народнае гулянне падчас Масленіцы на Адміралцейскім пляцы ў Пецярбургу». За гэтую карціну Макоўскі атрымаў званне прафесара Акадэміі мастацтваў.
У 1870 годзе разам з іншымі сябрамі "бунту чатырнаццаці" Канстанцін Макоўскі ўступіў у Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. Сярод мэтаў гэтай арганізацыі былі «спрашчэнне для мастакоў збыту іх твораў» і «развіццё любові да мастацтва ў грамадстве».
Макоўскі дапамагаў распрацаваць статут перасоўнікаў і з 1870-х і да канца жыцця рэгулярна браў удзел у іх выставах.
Тым жа часам Макоўскі разам з кампазітарам Сяргеем Танеевым выдаваў рукапісны гумарыстычны часопіс «Захолустье». Аўтары называлі яго «бясплатным, без пэўнага выпуску нумароў і без усялякага сораму» выданнем. Пад псеўданімам Нэмврод Пладавітае Макоўскі публікаваў там карыкатуры.
У 1870-х Макоўскі шмат падарожнічаў па Расіі. Пасля паездкі ў Тамбоўскую губерню напісаў карціну «Дзеці, якія бягуць ад навальніцы». У адной з вёсак ён сустрэў дзяўчынку, знешнасць якой здалася яму цікавай. Мастак папрасіў яе пазіраваць для палатна. Дзяўчынка пагадзілася, але ў патрэбны дзень не прыйшла. Макоўскаму расказалі, што напярэдадні яна пайшла ў лес з малодшым братам, трапіла пад моцны лівень, прамокла і захварэла. Мастак маляваў яе па памяці.
Ездзіў Макоўскі і за мяжу. Пад уражаннем ад падарожжа ў Егіпет стварыў карціны «Вяртанне свяшчэннага дывана з Мекі ў Каір», «Балгарскія пакутніцы», «Дэрвішы ў Каіры». Палатно «Балгарскія пакутніцы» на адной з выстаў у Санкт-Пецярбургу ўбачыў імператар Аляксандр II і быў уражаны творам да слёз. Аднак заснавальнік аб’яднання «Свет мастацтва» Аляксандр Бенуа успамінаў: «Убачыўшы яе ў Акадэміі, я хутчэй быў расчараваны гэтай, на мой густ, занадта пярэстай ў фарбах карцінай. Яшчэ не пабываўшы на выставе, слухаючы размовы старэйшых, я рыхтаваўся ўбачыць нешта жахліва страшнае <...>, а тут як раз самых зверстваў я і не заўважыў». Усе грошы ад продажу твора Макоўскі накіраваў у Балгарыю ў дапамогу пацярпеламу насельніцтву. Малюючы расправу турак над безабароннымі жанчынамі і дзецьмі ў храме, мастак супрацьстаўляе звярыную сутнасць захопнікаў і дасканалую прыгажосць людзей, якія гінуць у самым росквіце жыцця. Як вялікі жыццялюб і гарачы прыхільнік усяго прыгожага Канстанцін Макоўскі смела ўводзіць у гэты драматычны сюжэт аголеную натуру. Сёння ўпэўнена можна казаць, што для стварэння цэнтральнага жаночага вобраза мастаку пазіравала яго жонка - Юлія Леткова, якую сам жывапісец лічыў эталонам прыгажосці[9].
Карціну «Вяртанне свяшчэннага дывана з Мекі ў Каір» Аляксандр II ў 1876 годзе купіў за 10 тысяч рублёў (сярэдні месячны заробак у Расійскай імперыі ў 1870 годзе быў прыкладна 25 рублёў).
У 1877 годзе пачалася руска-турэцкая вайна. Некалькі месяцаў Макоўскі правёў на Балканах, дзе назіраў за баявымі дзеяннямі. Там жа знаходзіўся мастак Васіль Верашчагін, які рабіў замалёўкі бітваў. Макоўскі ж больш цікавіўся бытам мясцовых жыхароў, гісторыяй Балкан.
У 1879 годзе карціну Макоўскага «Русалкі» прадставілі на 7-й Перасоўнай выставе. Там яе ўбачыў і набыў для Эрмітажа Аляксандр II. Неўзабаве імператар замовіў мастаку свой партрэт. Макоўскі скончыў яго ў 1881 годзе. Гэта быў трэці з створаных ім партрэтаў імператара: папярэднія два ён напісаў у 1860-х гадах, для рускага пасольства ў Лондане і для Маскоўскай канцылярыі.
У 1880-я Макоўскага сталі называць «прыдворным жывапісцам». Партрэты ў яго заказвалі прадстаўнікі самых шляхетных дваранскіх родаў - Строганавы, Юсупавы, Валконскія. Мастак успамінаў: «Лепшыя прыгажуні наперабой пазіравалі мне... Я зарабляў велічэзныя грошы, жыў з царскай раскошай і паспеў напісаць незлічоную колькасць карцін, дэкаратыўных пано, партрэтаў, эцюдаў і акварэляў».
У 1880-я Макоўскі захапіўся гісторыяй і калекцыянаваннем. Ён збіраў старадаўнія рэчы: упрыгожанні, адзенне, статуэткі, прадметы побыту. Частку іх жывапісец выкарыстаў як рэквізіт для карцін «Маленькі антыквар» і «У майстэрні мастака». На абодвух палотнах ён напісаў і свайго сына Сяргея, які пазней узгадваў:
«Калекцыянерства было жарсцю ўсяго яго жыцця, безупынна купляў ён «прыгожую даўніну» з густам знаўцы, але без асаблівага разбору - і патрэбнае і непатрэбнае, і тое, што магло спатрэбіцца як аксэсуар для гістарычнай карціны, і тое, што проста «спадабалася» сваёй вытанчанасцю, своеасаблівасцю або вычурой і што можна было куды-небудзь прыладзіць у жылых пакоях або ў майстэрнях».
Герояў сваіх карцін Макоўскі часта прыбіраў у старадаўнія адзення. Часам, перш чым прыступіць да напісання карціны, ладзіў у сябе ў кватэры тэатральныя касцюміраваныя прадстаўленні. Не ўсім яго заказчыкам гэта падабалася. Мастачка і мецэнат Марыя Ценішава пісала: «Макоўскі чамусьці абавязкова захацеў пісаць мяне ў касцюме Марыі Сцюарт. Хоць я гэтай фантазіі ня падзяляла, але прыйшлося здацца, таму, што з некаторымі мастакамі немагчыма казаць слушна: яны непамыльныя, не церпяць разумнай крытыкі».
У 1880-я гады Макоўскі часта ладзіў персанальныя выставы. Асноўнай тэмай твораў гэтага часу сталі эпізоды з гісторыі Расіі. Мастак маляваў баяраў XV-XVII стагоддзяў, наўмысна пераапранаў сваіх заказчыкаў ў старадаўнія касцюмы. Да гэтага перыяду адносяцца карціны «Баярыня каля акна», «Баярышня», «Баярскі вясельны баль». Апошняе палатно хацеў купіць для сваёй галерэі калекцыянер Павел Траццякоў. Аднак Макоўскі папрасіў за яго 20 тысяч рублёў. Траццякоў вырашыў, што гэта занадта дорага, і адмовіўся.
У выніку мастак прадаў «Баярскі вясельны баль» амерыканскаму калекцыянеру, які заплаціў за карціну ў тры разы больш. У 1880-х і 1890-х Макоўскі некалькі разоў бываў у ЗША. Там яго карціны добра прадаваліся. Выдавец Аляксей Суворын успамінаў: «За партрэт яму заплацілі 3000 даляраў, частавалі абедам. Верашчагін, паводле яго слоў, не меў там поспеху і прадаваў танна. Айвазоўскі - таксама нічога не прадаў, засталіся карціны на камісію».
Захапленне рускай гісторыяй адбілася і ў іншых карцінах Макоўскага: «Выбар нявесты царом Аляксеем Міхайлавічам», «Смерць Івана Грознага» і «Пацалункавы абрад». Крытыкі адзначалі ў гэтых працах дакладнасць колераперадачы, увагу да дэталяў. Макоўскага называлі «спеваком эпохі». Ён прапісваў нават дробныя дэталі на сваіх палотнах, элементы адзення і дэкору. На Сусветнай выставе ў 1889 годзе жывапісец атрымаў залаты медаль за свае працы, а неўзабаве яму ўручылі кавалерскі крыж ордэна Ганаровага Легіёна - адну з галоўных узнагарод Францыі, якую ўручаюць за асаблівыя заслугі перад гэтай дзяржавай.
Канстанцін Макоўскі быў жанаты тройчы. Яго першай жонкай стала актрыса драматычнай трупы Імператарскіх тэатраў у Санкт-Пецярбургу Алена Буркова, якая выступала пад псеўданімам Чаркасава. Буркова была пазашлюбнай дачкой графа Уладзіміра Адлерберга, міністра двара і удзелаў пры Мікалаі I. За Макоўскага яна выйшла замуж у 1866 годзе. Як і яе муж, Буркова захаплялася жывапісам і музыкай. У госці да мужоў часта прыходзілі мастакі, пісьменнікі і кампазітары, у тым ліку члены аб’яднання «Магутная кучка». Гісторык Алена Шырокава пісала: «Гэта быў шчаслівы шлюб людзей, якія маюць агульныя інтарэсы і духоўныя запыты».
У 1871 годзе ў Макоўскага і Буркова нарадзіўся сын Уладзімір, але ён памёр неўзабаве па нараджэнні. Цяжка захварэла і жонка мастака. Макоўскі некалькі разоў выязджаў з жонкай на поўдзень, але гэта не дапамагло. Алена Буркова памерла ў 1873 годзе.
Праз два гады Макоўскі ажаніўся зноў. Са сваёй другой жонкай Юліяй Летковай ён пазнаёміўся ў 1874 годзе на балі. Леткова хацела стаць спявачкай і прыехала ў Пецярбург паступаць у кансерваторыю. Сын мастака Сяргей Макоўскі успамінаў: «Ёй ішоў толькі шаснаццаты год, але здавалася яна старэй, дзякуючы ўменню трымаць сябе ў свеце і разумовай сталасці <...> Бацька закахаўся з першага позірку і не адыходзіў ад яе ўвесь вечар». Мастак Ілля Рэпін назваў Юлію Леткову «анёлам невыказнай прыгажосці».
У 1880-я і 1890-я гады Макоўскі стварыў некалькі партрэтаў жонкі, сярод якіх «Партрэт Ю. П. Макоўскай» і «Галоўка». Разам яны пражылі больш за дваццаць гадоў. У шлюбе нарадзіліся трое дзяцей: Сяргей, Алена і Уладзімір. Сяргей Макоўскі успамінаў: «Наша сям'я, на працягу першых пятнаццаці гадоў сумеснага жыцця з бацькам, была дружнай, гарманічна злучанай сям'ёй. Пяшчота да яго, знакамітага мастака, набывала адценне захопленага пакланення. Істотай вышэйшага парадку уваходзіў ён у наш дзіцячы побыт». З дзяцінства Макоўскі вучыў сваіх дзяцей маляваць.
З пачатку 1890-х Макоўскі і Леткова не жылі разам. У 1889 годзе на Сусветнай выставе ў Парыжы мастак пазнаёміўся з Марыяй Матаўцінай. У 1891 г. нарадзілася іх першае дзіцё - сын Канстанцін. Мастак некалькі разоў спрабаваў развесціся з Юліяй Летковай, але яна доўга адмаўлялася, а затым звярнулася ў суд з патрабаваннем «пра наданне ёй права пражываць з трыма дзецьмі па асобным пашпарце ад мужа і пра засцярогі апошняга ад кожнага ўмяшання ў справу выхавання і адукацыі дзяцей». Сяргей Макоўскі успамінаў: «Сям'я наша распалася яшчэ ў 1893 годзе, з тых часоў я сустракаў бацькі толькі мігам, здалёк».
Развод Макоўскі атрымаў у 1898 годзе. Мастак абавязаўся пажыццёва выплачваць Юліі Летковой пенсію. Да таго часу ў яго было ўжо трое дзяцей ад Марыі Матаўцінай.
У 1890-я Канстанцін Макоўскі купіў майстэрню ў Парыжы і праводзіў там шмат часу. У Расію мастак вярнуўся толькі ў пачатку 1900-х.
У 1901 годзе ў Конагвардзейскім манежы ў Пецярбургу адкрылася другая выстаўка Пецярбургскага таварыства мастакоў. Яго стварылі ў 1890 годзе члены Акадэміі мастацтваў. На выставе Макоўскі паказаў сваю патрыятычную карціну «Мінін на Ніжагародскай плошчы». Раней яе дэманстравалі на Усерасійскай Ніжагародскай выставе ў 1896 годзе. Публіцыст Уладзіслаў Арцёмаў пісаў: «На вялізным палатне мастак разгарнуў гераічную сцэну, уваскрашаючы слаўнае мінулае рускай зямлі».
У гэты перыяд гістарычны жывапіс стаў губляць папулярнасць. У прэсе Макоўскага крытыкавалі за павярхоўныя сюжэты. Уладзімір Стасаў пісаў: «К. Макоўскі, мастак, у сутнасці багата адораны і пачынаў калісьці так бліскуча, так свежа і размашыста, што ўсіх здзіўляў і цешыў. Але гэты час даўно мінуў: ён даўно піша ўсё больш французскія будуарныя пано і будуарныя карціны, або французскія маленькія цукерачныя галоўкі». Аднак Макоўскі заставаўся адным з самых папулярных жывапісцаў Пецярбурга. Мастаку працягвалі заказваць партрэты. У 1905 года па просьбе імператарскай сям'і ён адлюстраваў трэцюю дачка Мікалая II, вялікую князёўну Марыю. У гэтыя ж гады жывапісец ствараў пейзажы, партрэты дзяўчат у нацыянальных строях, замалёўкі з сямейнага жыцця, у тым ліку карціну "Волечка і Коля на ганку дачы".
У 1915 г. Макоўскі стаў адным з заснавальнікаў Таварыства адраджэння мастацкай Русі. Сярод мэтаў гэтай арганізацыі быў «распаўсюд у рускім народзе шырокага знаёмства са старажытнай рускай творчасцю». Члены Таварыства выпускалі паштоўкі з помнікамі старажытнарускага дойлідства, выступалі за чысціню рускай мовы ад замежных запазычанняў.
Праз некалькі месяцаў Канстанцін Макоўскі трапіў у аварыю. На рагу Садовай вуліцы і Неўскага праспекта ў яго экіпаж урэзаўся трамвай. Мастак упаў і моцна стукнуўся галавой. Макоўскаму зрабілі аперацыю, аднак яго сэрца не вытрымала. 30 верасня 1915 г. мастак памёр. Пахавалі Канстанціна Макоўскага на Мікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры. Пра пахаванне Сяргей Макоўскі пісаў: «Апошняе спатканне з бацькам у яго труне адбілася назаўсёды, мабыць - як найзначнейшая падзея жыцця. Я не ўсведамляў перад тым, да якой ступені блізкі яму». Пасля смерці Макоўскага Марыя Матаўціна прадала значную частку яго калекцыі старадаўніх прадметаў. На атрыманыя грошы яна купіла маёнтак, дзе збіралася зладзіць сямейны склеп. Аднак планам перашкодзіла рэвалюцыя. Падчас беспарадкаў магіла Макоўскага была разбурана. Да нашага часу яна не захавалася[10].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.