Звычайная зязюля[1], Зязюля[2] (Cuculus canorus) — птушка сямейства зязюлевых. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) выбрала птушкай 2014.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Птушка сярэдніх памераў (даўжыня цела да 40 см, крыла — каля 22 см), з даволі доўгім (да 18 см) закругленым ступеністым хвастом і доўгімі махавымі крыламі. Важыць зязюля каля 100 г. Па афарбоўцы і памерам яна крыху нагадвае ястраба-перапёлачніка. Палавы дымарфізм ў афарбоўцы выяўлены добра. У дарослых самцоў спіна і хвост цёмна-шэрыя, горла, валлё і грудзі светла-шэрыя. Астатняя частка апярэння белая з цёмнай папярочнай паласой. Вочы і акантоўка павек жоўтыя. Дзюба чарнявая, злёгку загнутая ў вяршыні. Ногі кароткія, аранжавага колеру. Самкі, у адрозненне ад самцоў, альбо бураватыя зверху, з вохрыстыя налётам на валлі, альбо спінны бок цела і верх галавы ў іх іржава-рудыя з шырокімі чорнымі і вузкімі белымі папярочнымі палосамі. Маладыя птушкі, незалежна ад полу, альбо шараватыя, альбо рудаватыя з больш цёмнай папярочнай паласатасцю па ўсім целе. Кукуе толькі самец. Голас самкі падобны да чалавечага рогату.
Арэал разарваны. Да яго належыць Палеарктыка (акрамя крайняй поўначы) і Афрыка (акрамя вялікіх пустынь).
Насяляе не вельмі вялікія лісцевыя, мяшаныя ці хваёвыя лясы (апошнія — на вільготных тэрыторыях); жыве ў вялікіх дрэвастоях на разрэджаных участках, таксама характэрныя біятопы — невялікія групы дрэў сярод палёў і лугоў, паркі, сады, агароды, адкрытыя тэрыторыі з адзінкавымі дрэвамі або групамі кустоў, уключаючы пасевы розных тыпаў, вільготныя тэрыторыі з трыснягом, балоты, прыморскія дзюны. Пазбягае скальных гор, густых лясоў, акіянскіх астравоў, шчыльнай гарадской забудовы. У Азербайджане даходзіць да 1800 м над у.м., у Альпах — да 2400 м, у Грузіі і Арменіі — да 2500 м.[3]
За час назіранняў спецыялісты выявілі, што кожную восень адна асобіна (са спадарожнікавым перадатчыкам, які дазволіў адсачыць перамяшчэння птушкі) пералятала з паўночна-ўсходняй часткі Азіі ў паўднёва-ўсходнюю частку Афрыкі на зімоўку. З 2016 года па 2017 год гэтая зязюля праляцела 26000 кіламетраў, у тым ліку пераадолела больш за 6500 кіламетраў за 6 дзён[4].
З-за завостраных крылаў і паласатага малюнка на жываце падчас палёту зязюля падобна да драпежнай птушкі. Дзякуючы гэтаму самец зязюлі палохае птушку-гаспадара гнязда, а ў гэты час самка падкідвае яйка. Зязюлі хапае ўсяго 10-16 секунд, каб падкласці яйка ў гняздо. Зязюля падкідвае яйкі ў гнёзды не ўсім відам птушак, але спіс «ахвяраў» налічвае больш за 100 відаў. Падкінутыя яйкі амаль супадаюць па колеры з яйкамі гаспадароў гнязда. Самка зязюлі за адзін сезон можа адкласці ад 8 да 25 яек, праўда, на кожныя 5 падкінутых яек вырастае толькі адно птушаня. Час ад адкладкі яек да вылуплення птушанят у зязюлі менш, чым у тых, у чыіх гнёздах яны знаходзяцца.[5]
Зязюлі ядуць вусеняў, пакрытых валаскамі, якіх іншыя птушкі не чапаюць. Так адбываецца з-за таго, што валаскі упіваюцца ў асаблівае пакрыццё сценак страўніка птушкі, а потым гэта пакрыццё выводзіцца са страўніка разам з валаскамі.[6]
Зязюля — адна з найбольш міфалагізаваных птушак у традыцыйнай культуры беларусаў, з ярка выяўленай жаночай сімволікай, звязанай з сумам, самотай, горам, разлукай, адзінотай, смерцю, светам памерлых. Матыў ператварэння жанчыны ў зязюлю асабліва шырока выкарыстоўваецца ў баладах, дзе метамрфоз адбываецца па волі саміх жанчын, апаленых моцнымі перажываннямі — жалем, роспаччу, рэўнасцю. Адным з самых распаўсюджаных з’яўляецца сюжат пра пакрыўджаную маці, якой дзеці не падалі вады, калі яна захварэла; тады маці ператварылася ў птушку і адляцела з роднага дому.