Журавель (танец)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Журавель — беларускі танец-гульня, дзе галоўным персанажам выступаў «журавель».
Журавель | |
---|---|
Кірунак: | народны |
Памер: | 3/4, 4/4 |
Тэмп: | ад маруднага да ўмерана-хуткага |
Вытокі: | беларускі вясновы абрадавы танец |
Роднасныя: | |
карагод | |
Гл. таксама: | |
Благавешчанне |
Некалькі дзяўчат танчаць, іншыя ахоўваюць іх ад «жураўлёў» (хлопцаў), спяваюць:
Пасею я лён, канапель,
Налятае журавель…
Калі хлопцы лавілі дзяўчат, спявалі ўсе разам:
Ішлі хлопцы мяжою,
Пілі смалу дзяжою…
У іншым варыянце выканаўцы павольна падымаюць то правую, то левую нагу, імітуючы крокі жураўля. У цэнтры круга ходзіць хлопец — «журавель». Калі пары круцяцца, «журавель» імкнецца вырваць якую-небудзь дзяўчыну з рук кавалера. Дзяўчаты спяваюць:
Да ўнадзіўся журавель
Да да нашых канапель…
Калі дзяўчаты закрычаць: «Хапай, журавель!» — Ён павінен схапіць дзяўчыну за руку і станцаваць з ёй адзін круг. «Жураўлём» у крузе застаецца хлопец без пары.
Вядома і гульня «У жураўля», у якой дзеючымі асобамі выступалі «маці», «журавель» і «дзеці». «Маці» размаўляе з «жураўлём», які хоча злавіць і з'есці «дзяцей». «Жураўль» хапае «дзяцей», яны ловяць злодзея і дзяўбуць яго пальцамі па верхавіне. Тое ж робяць і з «маці», калі яна не зберагла «дзяцей». У танцах і гульнях пра жураўля праяўляюцца старажытныя вераванні ў культ птушак (жывёльны татэмізм). Па назіраннях Н. Н. Нікольскага, на Палессі журавель лічыўся «падаўцам усякага дабра»[1].