жыццёвая форма дравяністых раслін з адзінай, выразна выяўленай галоўнай воссю — ствалом From Wikipedia, the free encyclopedia
Дрэва — жыццёвая форма дрэвавых раслін, якая мае выразна выяўленае галоўнае сцябло — ствол, які расце больш інтэнсіўна, чым іншыя парасткі, і захоўвае больш-менш вертыкальны напрамак росту.
Адыгрываюць галоўную ролю ў стварэнні лясных біяцэнозаў. Адны з асноўных прадуцэнтаў кіслароду паветра.
Паводле класіфікацыі жыццёвых формаў К. Раункіера, дрэвы адносяцца да фанерафітаў. Дрэвы ўзніклі ў сярэднім дэвоне. Належаць пераважна да хвойных (з голанасенных) і двухдольных (з пакрытанасенных) раслін.
Крона ў большасці дрэў складаецца з галін і лісця. Ствол захоўваецца на працягу ўсяго жыцця, кожны год дае прырост у таўшчыню, утвараючы гадавыя кольцы. У дрэў з класа аднадольных (напр., пальмаў) крона складаецца з разеткі вялікага лісця і адсутнічае другасны прырост у таўшчыню.
Ёсць дрэвы летне-зялёныя (скідваюць лісце з надыходам восені, напр., дуб, вольха) і вечназялёныя (напр., елка, піхта, хвоя). Сярод лісцевых дрэў вылучаюць шыракалістыя (дуб, клён, ясень) і драбналістыя (асіна, бяроза, вольха). Адрозніваюць дрэвы першай велічыні (20 м і больш; дуб, елка, ліпа, хвоя), другой (10—20 м; вольха, груша, рабіна) і трэцяй (5—10 м; глог, яблыня, ядловец).
Працягласць жыцця разнастайная, ад 20 да соцень і тысяч гадоў (баабаб, секвоя — да 3—5 тыс. гадоў, дуб — 500—1000, хвоя — 300—350, елка — 250—300, асіна, бяроза — 150—200 гадоў).
Дрэвы даюць драўніну, ядомыя плады, лекавую, тэхнічную і хімічную сыравіну, выкарыстоўваюцца для азелянення. Са старажытных часоў дрэва выкарыстоўваецца ў архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладным і народным мастацтве, скульптуры. З дрэва здаўна вырабляюць хатняе начынне, прылады працы, транспартныя сродкі, мэблю і інш. Шырока выкарыстоўвалася таксама ў пернікарстве, набіванцы, іканастасах, абкладах абразоў і інш. Асноўны матэрыял дрэварыту. Разьбой па дрэве ўпрыгожваюць ліштвы, франтоны, вільчакі, вуглавыя накладкі. Багацце кояеравых адценняў, разнастайнасць фактуры і тэкстуры вызначаюць мноства дэкаратыўных эфектаў у вырабах з дрэва.
У большасці культур свету дрэва ўспрымаецца як своеасаблівая мадэль Сусвету (Дрэва Сусвету). Паколькі яно карэннямі ўваходзіць у Зямлю, а галінамі — у Неба, то дрэва, як і сам чалавек, з'яўляецца адлюстраваннем «сутнасці двух светаў» і своеасаблівым пасярэднікам паміж «верхам і нізам», Небам і Зямлёй. У многіх старажытных культурах асобныя дрэвы ці цэлыя гаі лічыліся месцам знаходжання звышнатуральных істот (багоў, разнастайных духаў і г.д.). Дрэва нярэдка разглядалася як Вось Свету, вакол якой групуецца ўвесь Космас. Згодна з першабытнымі ўяўленнямі, дрэвы разглядаліся як адухоўленыя істоты, якія маюць сваю душу.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.