Гравітацыйная лінза
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гравітацыйная лінза — масіўнае цела (планета, зорка) або сістэма цел (галактыка, скопішча галактык, скопішча цёмнай матэрыі), якая змяняе сваім гравітацыйным полем кірунак распаўсюджвання электрамагнітнага выпраменьвання, падобна да таго, як змяняе напрамак светлавога прамяня звычайная лінза.
Як правіла, гравітацыйныя лінзы, здольныя істотна сказіць выяву фонавага аб’екта, уяўляюць сабой досыць вялікія скопішчы масы: галактыкі і сукупнасці галактык. Больш кампактныя аб’екты, напрыклад, зоркі, таксама адхіляюць прамяні святла, аднак на такія малыя вуглы, што зафіксаваць такое адхіленне не ўяўляецца магчымым. У гэтым выпадку можна толькі заўважыць кароткачасовае павелічэнне яркасці аб’екта-лінзы ў той момант, калі лінза пройдзе паміж Зямлёй і фонавым аб’ектам. Калі аб’ект-лінза яркі, то заўважыць такое змяненне нерэальна. Калі ж аб’ект-лінза не яркі ці не бачны зусім, то такая кароткачасовая ўспышка цалкам можа назірацца. Падзеі такога тыпу называюцца мікралінзаваннем. Цікавасць тут звязана не з самім працэсам лінзавання, а з тым, што ён дазваляе выявіць масіўныя і не бачныя ніякім іншым спосабам скопішчы матэрыі.
Яшчэ адным напрамкам даследаванняў мікралінзавання стала ідэя выкарыстання каўстык для атрымання інфармацыі як пра сам аб’ект-лінзу, так і пра тую крыніцу, чыю святло яна факусіруе. Пераважная большасць падзей мікралінзавання цалкам упісваецца ў здагадку, што абодва целы сферычнай формы. Аднак у 2-3 % усіх выпадкаў назіраецца складаная крывая яркасці, з дадатковымі кароткімі пікамі, якая сведчыць аб фарміраванні каўстык у лінзаваных выявах[1]. Такая сітуацыя можа мець месца, калі лінза мае няправільную форму, напрыклад, калі лінза складаецца з двух або больш цёмных масіўных цел. Назіранне такіх падзей безумоўна цікава для вывучэння прыроды цёмных кампактных аб’ектаў. Прыкладам паспяховага вызначэння параметраў падвойнай лінзы з дапамогай вывучэння каўстык можа служыць выпадак мікралінзавання OGLE-2002-BLG-069[2]. Акрамя таго, маюцца прапановы па выкарыстанні каўстычнага мікралінзавання для высвятлення геаметрычнай формы крыніцы, альбо для вывучэння профілю яркасці працяглага фонавага аб’екта, і ў прыватнасці для вывучэння атмасфер зорак-гігантаў.