Генацыд армян
From Wikipedia, the free encyclopedia
Генацы́д армя́н (арм.: Հայոց Ցեղասպանություն, турэцк.: Ermeni soykırımı — генацыд армян, турэцк.: Ermeni Kırımı — армянская разня; па-армянску часцей выкарыстоўваецца выраз арм.: Մեծ Եղեռն [МФА: [mɛts jɛˈʁɛrn]] — Вялікае Злачынства) — злачынства супраць армянскага насельніцтва, здзейсненае ў 1915 годзе ў час Першай сусветнай вайны (паводле некаторых крыніц і пазней[1][2][3]) на тэрыторыях, якія кантралявалі ўлады Асманскай імперыі. Адбывалася фізічнае знішчэнне і масавыя дэпартацыі цывільнага насельніцтва ва ўмовах, што прыводзілі да яго гібелі. З уцекачоў-армян з Асманскай імперыі сфарміравалася большая частка дыяспары.
У супольнай Дэкларацыі ад 24 мая 1915 года краін-саюзніц (Вялікабрытанія, Францыя і Расія) масавыя забойствы армян упершыню былі прызнаны злачынствам супраць чалавецтва[4]. Тэрмін «генацыд» прапанаваў Рафаэль Лемкін для абазначэння масавага знішчэння армян у Асманскай імперыі[5][6][7] і яўрэяў на тэрыторыях, акупаваных нацысцкай Германіяй; азначэнне ўжываецца і ў больш позніх крыніцах[1][8][9][10].