Мажная птушка з перапончатымі лапамі, доўгай шыяй, выгнутай дзюбай і вялікім чорным чубком. Афарбаванне чорнае з зеленаватым адценнем, горла і шчокі белыя. Часам у дарослых галава і шыя шэрыя. Маладыя птушкі шэра-бурыя з белым жыватом.
Даўжыня цела самцоў ад 88 да 91 см, самак — 80 — 90 см.
Размах крылаў у самцоў 1,27 — 1,56 м, у самак 1,25 — 1,5 м.
Даўжыня крыла самца 33 — 38 см, самкі — 32,5 — 36,5 см.
Даўжыня дзюбы у самца 5,9 — 7,5 см, у самкі — 5,2 — 6,2 см
Вага птушак ад 1,8 да 3,0 кг.
Хвост круглявы, з 14 жорсткіх рулявых пёраў.
Арэал: Ісландыя, Фарэрскія астравы, Ірландыя, Брытанскія, Шэтландскія і Аркадскія астравы, паўночная Францыя, Галандыя, Германія, Данія, Скандынавія, Паўднёвая і Цэнтральная Еўропа, Малая Азія, лакальна сутракаецца ў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Азіі, Індыя, Кітай, Японія, Лабрадор, Грэнландыя, Новая Шатландыя, усходняя частка Паўночнай Амерыкі, большая частка Афрыкі, Аўстралія, Тасманія, Новая Зеландыя, астравы Чатэм. У Беларусі з канца 1980-х гадоў адзначаецца гнездаванне і хуткі рост колькасці.
Сустракаецца на азёрах, рыбных сажалках, вялікіх рэках, лагунах, прыбярэжных вадаёмах мораў. Гнездавыя біятопы: старыя дрэвастоі паблізу вялікіх па плошчы вадаёмаў, астравы, парослыя дрэвамі, часам утварае калоніі на зямлі або скалах.
Рэгулярныя пералёты прадпрымаюць толькі цэнтральна-еўрапейскія, амерыканскія, цэнтральна- і ўсходнеазіяцкія папуляцыі. Астатнія аселыя.
Месца зімовак: басейн Міжземнага мора, Францыя, Галандыя, Швейцарыя, Паўднёвая Азія, Малая Азія, Блізкі Усход.
Добра плавае і нырае. Корміцца рыбай, можа шкодзіць рыбнай гаспадарцы.
Гняздуецца ў калоніі. Гняздо з галін, на высокіх дрэвах або на зямлі, выслана зялёными лістамі дрэў або воднымі раслінамі. Часам займаюць гнёзды чапляў.
Яйкі 3-6, моцна падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, бледна-блакітна-зеленаватыя, густа забруджаныя белым вапнавым налётам, а таксама з карычневымі плямкамі ад водных раслін высцілкі. Памеры: 65 х 41 мм.