Вышыўка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вышыўка — від народнага дэкаратыўнага мастацтва; арнамент або малюнак, вытканы ўручную (звычайнымі або спецыяльнымі іголкамі, часам кручком і інш.) ці машынным спосабам на тканінах, карунках, скуры. Матэрыялам служылі ільняныя, баваўняныя, ваўняныя, зрэдку шаўковыя ніткі, бліскаўкі і інш. Гістарычна для беларускіх тэрыторый характэрна ўжыванне ў вышыўцы чырвоных, сініх, чорных (забалаць, горынь, блахва), белых (белка) колераў, хоць у залежнасці ад рэгіёна Беларусі каларыстыка вышывак можа адрознівацца. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) ужываліся шнур, тасьма, стужкі, кавалкі каляровых тканін, скура і інш. Вышыўкай аздаблялі жаночае (кашулі, галаўныя ўборы, фартухі, зрэдчас — спадніцы і гарсеты) і мужчынскае (кашулі, шыйныя хусткі) адзенне, суконную і аўчынную вопратку, рэчы дэкаратыўна-абрадавага і бытавога прызначэння (ручнікі, абрусы, навалочкі, посцілкі і інш.).
Адрозніваюць таксама гафт, як асобны від вышыўкі. Гэта ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі: каляровымі шаўковымі, залатымі, срэбранымі ніткамі, перлінамі, камянямі. У Беларусі гафт вядомы з XVI стагоддзя ў аздабленні літургічнага (арнаты) і святочнага адзення, дэкаратыўных тканін (пакрывалы для алтароў — антымінсы).