Возера
вадаём у выглядзе запоўненай вадой катлавіны, якая не мае непасрэднага злучэння з акіянам / From Wikipedia, the free encyclopedia
Во́зера — прыродны вадаём, які ўяўляе сабой катлавіну, запоўненую вадой, і не мае непасрэднага злучэння з акіянам. Плошча азёр зямнога шара каля 2,7 млн км². Найбуйнейшыя азёры на Зямлі — Каспійскае мора (1371 тыс.км²), возера Верхняе ў Паўночнай Амерыцы (82,4 тыс.км²), возера Вікторыя ў Афрыцы, самае глыбокае — возера Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на вышыні 4400 метраў, Мёртвае мора ў Заходняй Азіі на 392 метры ніжэй за ўзровень акіяна. У Беларусі найбольшае па плошчы возера Нарач, найбольшую глыбіню мае возера Доўгае.
У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання.
Паводле характару воднага балансу выдзяляюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хімічным складам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арганічнага жыцця — алігатрофныя, этатрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці.