Біяарганічная хімія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Біяаргані́чная хі́мія — галіна хіміі, якая вывучае сувязь паміж будовай арганічных рэчываў і іх біялагічнымі функцыямі. Выкарыстоўвае пераважна метады арганічнай і фізічнай хіміі, таксама фізікі і матэматыкі.
У біяарганічнай хіміі даследуюцца біяпалімеры (бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, нуклеінавыя кіслоты і інш.), нізкамалекулярныя біярэгулятары (вітаміны, гармоны, прастагландзіны, антыбіётыкі, ферамоны і інш.); сінт. біялагічна актыўныя злучэнні, у т.л. лекі, пестыцыды, гербіцыды і інш.
Спалучае аналіз хімічнай структуры, прасторавай будовы арганічных злучэнняў з яго сінтэзам, мадыфікацыяй і вывучэннем хімічнага дзеяння ў сувязі з біялагічнымі функцыямі.
Біяарганічная хімія звязана з практычнай медыцынай і сельскай гаспадаркай (стварэнне імунахімічных сродкаў мікрааналізу біялагічна актыўных рэчываў, сінтэз антыбіётыкаў, гармонаў, вітамінаў, стымулятараў росту раслін і рэгулятараў паводзін жывёл і насякомых), біятэхналогіяй, хімічнай і мікрабіялагічнай прамысловасцю.
Спалучэнне метадаў біяарганічнай хіміі і геннай інжынерыі дало магчымасць атрымаць інсулін чалавека, інтэрферон, гармон росту чалавека і іншыя біялагічна актыўныя злучэнні бялкова-пептыднай прыроды.