Беларусазнаўства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларусазнаўства — гуманітарная навука, якая вывучае адметнасць і агульнасць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі і ролю ў сістэме міжнароднай супольнасці народаў у мінулым і сучасным. Вызначаецца комплексным, міждысцыплінарным падыходам да праблем даследавання. Здзяйсняе самапазнанне нацыі з мэтай выпрацоўкі і ўдасканалення нацыянальнай тэорыі, вызначэння нацыянальнага шляху (аб'яднаўчай ідэі), аховы нацыянальных форм быцця, у якіх выяўляюцца заканамернасці агульначалавечага прагрэсу. Латынізаванай калькай азначэння «беларусазнаўства» з'яўляецца малаўжывальнае азначэнне «альбарутэніка».[1]
У межах навуковай плыні існуе асветнае беларусазнаўства, якое распаўсюджвае сярод насельніцтва веды па мове, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, эканоміцы, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўству і інш. Спалучэнне навуковай і асветнай дзейнасці тлумачыцца цеснай сувяззю тэорыі і практыкі нацыянальнага будаўніцтва. Пад уздзеяннем самых розных абставін нацыі заўсёды з'яўляюцца пэўным варыянтам кансалідацыі, а не застылай структурай. Паспяховае развіццё нацыі немагчыма без пастаянных мэтанакіраваных намаганняў па яе духоўнаму аздараўленню. Таму нацыянальная тэорыя толькі ў звязку з нацыянальнай прапагандай надаюць этнасу жыццяздольнасць і згуртаванасць.
Нацыянальная навукова-асветная праца звычайна арганізуецца на дзяржаўным узроўні з выкарыстаннем найноўшых дасягненняў у галіне навукі і тэхнікі (выдавецтвы, друкарні, радыёстанцыі, кіна- і тэлестудыі) і з дапамогай бібліятэк, архіваў, музеяў. У межах беларусазнаўства вядзецца ўлік і збор навуковай і мастацкай літаратуры, якая складае асобны раздзел пад назвай беларусістыка, ці беларосіка, альбаросіка, альбарутэніка. Часам пад беларусістыкай разумеюць сукупнасць розных культурных здабыткаў беларускай нацыі (беларусістыка ў мастацтве, музыцы і г. д.). Беларусістамі называюць навукоўцаў, якія займаюцца даследаваннем Беларусі.