Барока
From Wikipedia, the free encyclopedia
Барока (ад італ.: barocco — няправільны, дзіўны) — вядучы кірунак у еўрапейскім, у т. л. беларускім мастацтве і архітэктуры з апошняй трэці XVI ст. і амаль да канца XVIII ст. Адметныя рысы барока — урачыстасць, кантрастнасць, ускладненасць форм, параднасць, пышны дэкор. Стыль эпохі Контррэфармацыі.[1]
Першапачаткова тэрмін «барока» меў негатыўны сэнс, бо сваёй відавочнай пышнасцю і вычварнасцю супрацьпастаўляўся гармоніі Рэнесансу. Галоўным фактарам узнікнення стылю барока з'яўляецца каталіцкая контррэфармацыя, якая з дапамогай новага мастацтва імкнулася абвергнуць ідэі гуманізму рэнесансу, барока быў прызваны праслаўляць і прапагандаваць моц улады, знаці і царквы, што, у пэўнай ступені, спарадзілі рэфармацыйны рух ва ўсёй Еўропе. Але разам з тым барока выразіў прагрэсіўныя ідэі аб складанасці светабудовы, бясконцасці і мнагастайнасці сусвету, яго зменлівасці. Мастацтва барока пачало адлюстроўваць дуалістычную прыроду чалавека, барацьбу ў ім нябеснага і зямнога пачаткаў, чалавек пачаў успрымацца як частка сусвету, як складаная асоба, перажываючая ўнутраныя канфлікты.