Аўтсорсінг
From Wikipedia, the free encyclopedia
Аўтсорсінг (англ.: outsourcing) — выкарыстанне знешняй арганізацыі для выканання няпрофільных работ або аднаго ці некалькіх этапаў вытворчага працэсу. Тэрмін таксама прымяняецца пры пераводзе вытворчасці ў іншую краіну. У адрозненне ад паслуг сэрвісу і падтрымкі, якія маюць адзінкавы, эпізадычны, выпадковы характар, які абмежаваны пачаткам і сканчэннем, на аўтсорсінг перадаюцца звычайна функцыі па прафесійнай падтрымцы бесперабойнай працаздольнасці асобных сістэм і інфраструктуры на аснове доўгатэрміновага кантракта. Наяўнасць бізнес-працэсу з’яўляецца адметнай рысай аўтсорсінгу ад розных іншых формаў аказання паслуг і абаненцкага абслугоўвання.
Аўтсорсінгам таксама з’яўляецца практыка перадачы кантролю за дзяржаўнымі паслугамі на некамерцыйныя карпарацыі[1]. Аўтсорсінг уключае ў сябе складанне як знешніх і ўнутраных кантрактаў[2], а часам і ўключае ў сябе афшорынг або перамяшчэнне бізнес-функцый у іншую краіну[3].
Галоўнай крыніцай эканоміі выдаткаў з дапамогай аўтсорсінгу з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці прадпрыемства ў цэлым і з’яўленне магчымасці вызваліць адпаведныя арганізацыйныя, фінансавыя і чалавечыя рэсурсы, каб развіваць новыя напрамкі, або сканцэнтраваць намаганні на існуючых, якія патрабуюць павышанай увагі. Супрацьлегласцю аўтсорсінгу з’яўляецца інсорсінг, што часам ажыццяўляецца праз вертыкальную інтэграцыю.