From Wikipedia, the free encyclopedia
Асмало́ўка — раён пасляваеннай забудовы ў цэнтры Мінска, гістарычнай Старажоўцы. Абмежаваны вуліцамі Максіма Багдановіча, Кісялёва, Камуністычнай і Куйбышава.
Раён атрымаў назву паводле імя распрацоўшчыка праекта, архітэктара Міхаіла Сцяпанавіча Асмалоўскага. Пэўны час меў назву «пасёлак Лютаровіча», паводле імя кіраўніка ўпраўлення па справах мастацтва Паўла Лютаровіча, які пражываў там[1].
Пасёлак быў спраектаваны Міхаілам Асмалоўскім і пабудаваны ў 1940-х — пачатку 1950-х гадоў палоннымі нямецкімі і італьянскімі вайскоўцамі для партыйнай наменклатуры, высокапастаўленых чыноўнікаў, супрацоўнікаў тагачаснага штаба Беларускай ваеннай акругі, артыстаў[2][3][4][5]. У гэтым раёне жылі палкаводзец Аляксей Бурдзейны, маршал Сямён Цімашэнка[6].
У 2011 годзе з’явілася інфармацыя, што раён плануе рэканструяваць холдынг «Амкадор», таксама на месцы мікрараёна з’явіўся будучы праект хай-тэк забудовы Crystal Park[7]. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ініцыявала працэс надання Асмалоўцы статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці[1]. У 2014 годзе грамадскія і гарадскія актывісты зноў паднялі пытанне далейшага лёсу раёна, а таксама пачалі збор подпісаў праз электронную петыцыю за захаванне аўтэнтычнага стану гэтай часткі горада[6][8].
Як адзначае старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў і культуры Антон Астаповіч[6]:
Асмалоўку можна разглядаць як самы першы спальны раён Мінска, які быў забудаваны паводле тыпавых праектаў. Гэтыя тыпавыя праекты з'яўляюцца дастаткова прафесійнымі. Дамы ў ім ствараюць выдатны камерны горадабудаўнічы ансамбль, дзе ёсць два кварталы жылой забудовы з неабходнай інфраструктурай. Гэта самадастатковы раён з добрай на той час архітэктурай. |
Існуюць параўнанні мінскай Асмалоўкі з кварталам «Вулей» у Парыжы па прычыне наяўнасці мастацкіх студый і адпаведных магчымасцяў стварэння турыстычнай славутасці[9].
У 2017 годзе планы на знос і забудову Асмалоўкі адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска вынесла на грамадскае абмеркаванне (23 чэрвеня—27 ліпеня 2017 г[10]). Гэта выклікала абурэнне жыхароў Асмалоўкі[11] і рэзананс у СМІ[12][13][14][15]. На Change.org[16] i Petitions.by[17] пачаўся збор подпісаў за захаванне Асмалоўкі як гістарычнай каштоўнасці. 21 ліпеня 2017 года на пасяджэнні Мінгарвыканкама было вырашана адкласці планы па забудове Асмалоўкі, што некаторымі актывістамі было ўспрынята як перамога[18]. Пазней Мінгарвыканкам заявіў, што праектаванне дэталёвага плана адкладзенае да зацвярджэння забудовы з прэзідэнтам Беларусі[19]. У канцы года з’явілася інфармацыя, што некалькі архітэктараў склалі альтэрнатыўны план забудовы Асмалоўкі[20].
12 лістапада 2018 года пастановай № 68 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь была вызначана ахоўная зона Асмалоўкі: у межах пр. Машэрава і вул. Старавіленскай, Кісялёва, Багдановіча, Куйбышава, Пашкевіч, Чычэрына і Камуністычнай[21].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.