Арыдны клімат
From Wikipedia, the free encyclopedia
Арыдны клімат (ад лац.: aridus — сухі), або клімат пустынь (у класіфікацыі кліматаў Кёпена пазначаецца спалучэннем лацінскіх літар BWh, BWk, і часам BWn) — сухі клімат з высокімі тэмпературамі паветра, для якіх характэрны вялікія сутачныя ваганні, і малой колькасцю атмасферных ападкаў, каля 100—150 мм/год ці поўнай іх адсутнасцю.
Уся вільгаць, якая атрымліваецца, хутка выпараецца. Рэкі, якія працякаюць праз пустыню з суседніх больш вільготных абласцей, тут мялеюць і часта сканчаюцца бяссцёкавымі катлавінамі з салёнымі азёрамі. Аголеная зямная паверхня выпрабоўвае рэзкія ваганні тэмпературы на працягу сутак, з-за чаго нават шчыльныя горныя пароды разбураюцца і ператвараюцца ў пясок. Вецер бесперашкодна пераносіць масы сухога пяску, ствараючы хвалісты рэльеф пясчаных барханаў і дзюн.
Арыдны клімат у сваіх найбольш яркіх формах характэрны для трапічных і субтрапічных шырот: гэта Сахара, пустыні Аравійскага паўвострава, Аўстраліі і іншыя. У больш высокіх шыротах арыдны клімат звязаны ці з ахоўным дзеяннем горных хрыбтоў, якія перашкаджаюць прыносу вільгаці з акіяна — такімі з’яўляюцца пустыні Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, ці — з аддаленасцю ад акіянаў, што мы назіраем у пустынях Цэнтральнай Азіі.