Адукацыя
працэс навучання / From Wikipedia, the free encyclopedia
Адукацыя (лац.: educatio — выхаванне) — працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навучальных установах або самаадукацыяй.[1][2] У больш шырокім плане адукацыя - гэта культурна-адукацыйная прастора, якая ахоплівае сям'ю, разнастайныя навучальна-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сацыяльна-педагагічную інфармаструктуру, адукацыйныя працэсы на вытворчасці і ў грамадска-культурным жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафесійна-кваліфікацыйны патэнцыял народа.
У залежнасці ад характару падрыхтоўкі чалавека да жыцця і працы адрозніваюць агульную адукацыю і спецыяльную адукацыю; у залежнасці ад аб’ёму — пачатковую, сярэднюю і вышэйшую (толькі спецыяльная); паводле адносін да царквы (уплыву царквы) — свецкая і канфесійная. Падраздзяленні адукацыі адрозніваюцца ў розных адукацыйных сістэмах.[1]
Узровень агульнай і адмысловай адукацыі абумаўляецца патрабаваннямі вытворчасці, станам навукі, тэхнікі і культуры, а таксама грамадскімі адносінамі. Адукацыя — сацыяльны інстытут, які выконвае функцыі падрыхтоўкі і ўключэнні індывіда ў розныя сферы жыццядзейнасці грамадства, прылучэнні яго да культуры.
Беларуская нацыянальная сістэма адукацыі ўключае агульную, прафесійную адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб'ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць агульную адукацыю (пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні), прафесійную адукацыю (дапрафесійная арыентацыя, адбор, сярэдняя прафесійная падрыхтоўка), вышэйшую адукацыю (падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры) і адукацыю дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная; паводле адносін да царквы - свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная, якую кантралюе царква. Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнародным і нацыянальным стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.