From Wikipedia, the free encyclopedia
Іонія (стар.-грэч.: Ἰωνία, лац.: Ionia) — вобласць Старажытнай Грэцыі на захадзе Малой Азіі, астравах Хіас і Самас. У больш шырокім значэнні, Іоніяй называлі ўсе землі населеныя элінамі-іанійцамі.
Згодна традыцыі, грэкі-іанійцы перасяліліся на захад Малой Азіі з Атыкі праз 140 гадоў пасля заканчэння Траянскай вайны (прыкладна 1130 г. да н.э.). Заснаваныя імі 7 гарадоў кіраваліся першапачаткова нашчадкамі апошняга афінскага манарха Кодра, а таксама высакародных лікійцаў.
Герадот таксама лічыў жыхароў Іоніі выхадцамі з Афін і паведамляў, што ў малаазіяцкіх іанійцаў існуюць тыя ж рэлігійныя традыцыі, што і ў атычных грэкаў. Жыхары Іоніі лічылі сваё паходжанне высакародным, а таму "больш трымаліся за сваё імя". Аднак Герадот пярэчыў гэтаму, пісаў, што ў каланізацыі Іоніі прымалі ўдзел пеласгі з Пелапанеса і грэкі з розных раёнаў Эгейскага мора. Акрамя таго, іанійцы змяшаліся ў Іоніі з мясцовым насельніцтвам — карыйцамі. Гісторык спасылаецца на мілецкае паданне, паводле якога перасяленцы забілі тубыльцаў і ажаніліся на іх дочках.
У 1086 да н.э. г. да н.э. - 1075 да н.э. г. да н.э. паміж полісамі Іоніі быў заключаны Іанійскі саюз. Найбольш важную ролю першапачаткова ў ім адыгрывалі Мілет, Эфес, Прыена. Пазней ён быў пашыраны да 12 полісаў. У яго склад увайшлі Хіас, Самас, а таксама гарады, заснаваныя эалійцамі (найважнейшыя Факея і Смірна). Герадот лічыў, што традыцыя заключэння саюзаў была запазычана іанійцамі з Пелапанеса.
Археалагічныя знаходкі пакуль не пацвярджаюць старажытнагрэчаскія міфы. Знаходкі археолагаў дазваляюць казаць, што паселішчы на тэрыторыі Іоніі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці, аднак грэчаскія калоніі былі заснаваны тут не раней за IX — VIII стст. да н.э.
У 730 г. да н.э. Іанійскі саюз атрымаў перамогу над карыйцамі. У сярэдзіне VII ст. адбіў нашэсце кімерыйцаў, якія нанеслі больш страт суседняй Лідыі. На некаторы час грэчаскія калоніі былі засцярожаны ад палітычнага ўціску і эканамічнай канкурэнцыі з боку магутных дзяржаў Малой Азіі.
У VII — V стст. да н.э. развіццё гаспадаркі і культуры ў Іоніі адбывалася хутчэй, чым у балканскай Грэцыі. З канца VII ст. да н.э. з’явіўся новы від літаратуры — лагаграфія на іанійскім дыялекце старажытнагрэчаскай мовы (Анаксімандр, Гекатэй Мілецкі, Ксенафан і інш.), які даў пачатак эліністычнай прозе, паўстала іанійская філасофія (Анаксімандр, Анаксімен, Геракліт, Фалес Мілецкі і інш.). У Іоніі былі распрацаваны новыя прыёмы архітэктуры і будаўніцтва, у тым ліку іанічны ордар. Храм Артэміды Эфескай (VI ст. да н.э.) лічыўся адным з цудаў свету.
У сярэдзіне VI ст. да н.э. Іонія трапіла ў залежнасць ад лідыйскага валадара Кроза, а пасля заваявання Лідыі Персіяй (546 г. да н.э.) — ад дзяржавы Ахеменідаў. У 499 — 494 гг. да н.э. гарады Іоніі паўсталі, аднак пацярпелі паражэнне. Тым не менш, персы былі вымушаны пайсці на істотныя саступкі. Іанійцы аказвалі дапамогу ў войнах персаў супраць скіфаў і балканскіх грэкаў. У 479 г. да н.э. іанійцы падтрымалі аб'яднаны грэчаскі флот супраць персаў і пасля перамогі атрымалі незалежнасць.
Пасля заканчэння грэка-персідскіх войнаў Іонія развівалася пад моцным уплывам Афін. Аслабленне афінскай дзяржавы і ўзвышэнне Спарты, якая дамагалася дапамогі ад дзяржавы Ахеменідаў, прывяло да таго, што ў 386 г. да н.э. іанійскія полісы зноў апынуліся пад персідскім кантролем. У 334 г. да н.э. яны ўвайшлі ў склад Македоніі. У 133 г. да н.э. Іонія была далучана да Рымскай дзяржавы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.