From Wikipedia, the free encyclopedia
Псеўданаву́ка (грэч. ψευδής — «ілжывы» + навука) — дзейнасць або вучэнне, якія прадстаўляюцца прыхільнікамі як навуковыя, але па сутнасці такімі не з’яўляюцца.[1][2] Іншае распаўсюджанае вызначэнне псеўданавукі — «уяўная або ілжывая навука; сукупнасць перакананняў пра свет, памылкова разгляданая як заснаваная на навуковым метадзе ці як тая, што мае статус сучасных навуковых ісцін».[3]
Ілжэнавука нярэдка матываваная той жа мэтай, што і прыкладная навука — дасягненнем неадкладнага практычна карыснага выніку. Аднак ілжэнавука дэмагагічна апелюе да навуковых метадаў, толькі імітуючы іх.[4] Пры гэтым яна ніколі не ставіць перад сабой у якасці цэнтральнай задачы сапраўднае пазнанне рэчаіснасці.[5]
Існуюць блізкія па значэнні тэрміны: «паранавука», «квазінавука»,[6] «альтэрнатыўная навука», «неакадэмічная навука». У англамоўнай літаратуры для псеўданавукі таксама выкарыстоўваюцца такія тэрміны як pathological science, junk science, voodoo science, crackpot science и bad science.[7] Некаторыя даследчыкі пазначаюць комплекс гэтых паняццяў, якія скажаюць вобраз сапраўднай навукі, тэрмінам «дэвіянтная навука» (лац.: deviatio — адхіленне),[5] паказваючы, што гэтыя негатыўныя формы паразітуюць на целе навукі і вядуць да дэфармацый яе каштоўнаснага ядра.
Сацыякультурны выток папулярнасці (і, адпаведна, прычына ідэалагічнай падтрымкі) псеўданавукі ў тым, што «яна рэалізуе спакусу простых рашэнняў, абслугоўвае сацыяльны запыт на агульнадаступную, зразумелую масам без спецыяльнай прафесійнай падрыхтоўкі расшыфроўку „непразрыстых“ з’яў прыроды і культуры».[4] Таксама папулярнасці псеўданавукі спрыяе задавальненне з яе дапамогай рэлігійных, нацыяналістычных, палітычных і падобных мэтаў.[8][9]
Пытанне аб навуковым статусе надзвычай важны для прадстаўнікоў розных ненавуковых напрамкаў, з прычыны чаго псеўданавука часта завецца сваімі прыхільнікамі «альтэрнатыўнай» («народнай») навукай. У сувязі з тым, што за апошнія 300 гадоў з дапамогай навуковага метаду былі дасягнуты ўражальныя поспехі ў самых розных галінах ведаў, у грамадстве складаецца меркаванне, што «навука — гэта добра і годна, а тое, што не з’яўляецца навукай — дрэнна». Таму тэрміны «псеўданавука» і «псеўданавуковы» часцяком разглядаюцца як прыніжальныя,[10] а аўтары псеўданавуковых тэорый, як правіла, актыўна аспрэчваюць такую характарыстыку.[10]
Псеўданавуковыя тэорыі могуць вылучаць і члены навуковай супольнасці, якія маюць вучоныя ступені і званні ў іншай вобласці ведаў,[11] напрыклад, акадэмік АН СССР усходазнавец М. Я. Мар («новае вучэнне пра мову»), акадэмік РАН матэматык А. Ц. Фаменка («новая храналогія»).
Не варта адносіць да псеўданавукі тыя канцэпцыі з абласцей рэлігіі, філасофіі, мастацтва, маралі і г. д., якія не адпавядаюць сучасным навуковым уяўленням, але і не прэтэндуюць на ролю навукі.[12] Неабходна таксама адрозніваць псеўданавуку ад непазбежных навуковых памылак і ад паранавукі як гістарычнага этапу развіцця навукі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.