Маці з плошчы Мая
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Маці з плошчы Мая» (ісп.: Madres de Plaza de Mayo) — аргенцінская праваабарончая арганізацыя, створаная ў 1977 годзе ў адказ на распачаты ваеннай дыктатурай Хорхэ Відэлы працэс нацыянальнай рэарганізацыі і з мэтай пошуку зніклых дысідэнтаў. Пазней мэтай руху стала таксама раскрыццё злачынстваў супраць чалавецтва рэжыму, асуджэння і пакарання.
Маці з плошчы Мая | |
---|---|
Madres de Plaza de Mayo | |
| |
Краіна | |
Адрас | Буэнас-Айрэс |
Тып арганізацыі | праваабарончая арганізацыя[d] і жаночая асацыяцыя[d] |
Афіцыйныя мовы | іспанская |
Кіраўнікі | |
Кіраўніца | Эбэ дэ Банафіні |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 30 красавіка 1977 (47 гадоў таму) |
Галіна | international activities[d] |
Узнагароды | |
madres.org | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва руху паходзіць ад плошчы Мая перад прэзідэнцкай рэзідэнцыяй у Буэнас-Айрэсе, дзе 30 красавіка 1977 года пачаліся жаночыя пратэсты, якія патрабавалі звестак пра лёс сваіх зніклых дзяцей. Пратэсты заставаліся сядзячымі, але з увядзеннем надзвычайнага стану былі разагнаныя паліцыяй.
Пасля аднаўлення дэмакратыі «Маці з плошчы Мая» працягнулі свае дэманстрацыі з патрабаваннямі пакарання ваенных, якія ўдзельнічалі ў звяржэнні Ісабель Перон, і дабіліся сваёй мэты ў 1985 годзе.
«Маці з плошчы Мая» сталі першай арганізацыяй, узнагароджанай прэміяй Сахарава за свабоду думкі (1992).
У 1976—1983 гадах ваенная хунта ў Аргенціне праводзіла гэтак званую брудную вайну — тэрор, пераслед і выкраданні дысідэнтаў, сацыялістаў, левых пераністаў (партызан-мантанерас). Пасля катаванняў эскадроны смерці хавалі забітых у палях ці безыменных магілах[2].
30 красавіка 1977 года 13 жанчын на чале з Асусенай Вільяфлор дэ Вінсенці[3] сабраліся на плошчы Мая перад прэзідэнцкім палацам Каса Расада ў Буэнас-Айрэсе, нягледзячы на забарону сходаў больш за тры чалавекі[4]. У кожнай з іх ваенныя «забралі» прынамсі аднаго нашчадка.
Такія шэсці сталі паўтарацца шточацвер, паступова колькасць удзельніц расла. Яны насілі белыя шалікі як сімвал падгузкаў сваіх зніклых дзяцей, на якіх пісалі іхнія імёны і даты нараджэння. Шпацыруючы парамі, мацяркі спрабавалі дамагчыся ад урада спынення парушэння правоў чалавека[2].
«Маці з плошчы Мая» сталі першым значным арганізаваным рухам, які супрацьстаяў аргенцінскаму рэжыму. Такая нетрадыцыйная для жанчын Лацінскай Амерыкі актыўнасць стала шмат для каго нечаканасцю і дапамагла прыцягнуць увагу да парушэнняў правоў чалавека на міжнароднай арэне і разбурыць прапагандысцкія міфы хунты[5].
Улады рэагавалі рэакцыйнымі метадамі, называючы дзяячак руху «вар’яткамі»[6].
10 снежня 1977 годзе, у Міжнародны дзень правоў чалавека, «Маці з плошчы Мая» распаўсюдзілі газету з імёнамі сваіх зніклых дзяцей. Той жа ночы заснавальніца руху Асусена Вільяфлор была выкрадзеная, катаваная і выкінутая з самалёта[4][7]; падобны лёс спаткаў яшчэ з тузін дзяячак руху. Рэшткі некаторых з іх дагэтуль не знойдзеныя. Знікненне французскіх манашак Леані Дуке і Аліс Дамон выклікала міжнароднае абурэнне і заклікі да ААН расследаваць злачынствы супраць чалавецтва, аднак аргенцінскія ўлады заявілі пра сваю недатычнасць да выкрадання французскіх грамадзянак[8].
У 2005 годзе судмедэксперты выявілі рэшткі цел, зарытых на беразе пляжу Санта Тэрэсіта каля Буэнас-Айрэса. Па выніках ДНК-тэсту сярод іх былі ідэнтыфікаваныя Асусена Вільяфлор і яшчэ дзве з пачынальніц руху, «зніклых» у 1977[4][9].
У 1983 годзе ваенныя дыктатуры пачалі раскрываць інфармацыю пра злачынствы рэжыму, назваўшы колькасць зніклых падобным чынам — больш за 9000 чалавек. Аднак «Маці з плошчы Мая» сцвярджаюць, што іхняя колькасць магла дасягаць 30 000[2]. Большасць з іх былі старшакласнікамі, студэнтамі, маладымі спецыялістамі, прафсаюзнымі работнікамі ва ўзросце найчасцей да 35 гадоў.
У 1984 годзе ў распазнанні знойдзеных парэштак арганізацыі дапамагала генетык ЗША Мэры-Клэр Кінг. У 1985 годзе была арганізавана дзяржаўная камісія па рассьледаванні знікненняў, аднак пасля пагроз ваенных захапіць уладу парламент Аргенціны ў 1986 годзе прыпыніў следства.
У 2003 годзе Кангрэс скасаваў дзеянне гэтага закона , а ў 2005 годзе ён і ўвогуле быў прызнаны неадпаведным канстытуцыі. За часам кіравання Нестара Кіршнера расследаванне ваенных злачынстваў аднавілася. Большасць удзельнікаў хунты былі асуджаныя за злачынствы супраць чалавечнасці[10].
Пасля зрынання дыктатуры «Маці з плошчы Мая» ўдзельнічаюць у адстойванні чалавечых, палітычных і грамадзянскіх правоў у Лацінскай Амерыцы і па ўсім свеце[11]. З дапамогай «Бабуляў з плошчы Мая» яны здолелі знайсці 256 зніклых дзяцей, адабраных немаўлятамі ў жанчын, якія нарадзілі іх у турмах ці лагерах.
У 1986 годзе «Маці з плошчы Мая» падзяліліся на дзве часткі. Першая, вядомая як «заснавальнікі», сканцэнтравалася на заканадаўчай дзейнасці, пошуку парэштак зніклых дзяцей, давядзенні злачынцаў да суду. Больш радыкальнае крыло — «Асацыяцыя Мацярок з плошчы Мая» — працягнулі палітычную дзейнасць, якой займаліся іхныя зніклыя дзеці. Яны адмовіліся ад дзяржаўнай дапамогі і кампенсацый, паабяцаўшы не прызнаваць сваіх дзяцей мёртвымі, пакуль дзяржава перад імі не павініцца[12]. Гэтую фракцыю падтрымала моладзь, прыхільная да сацыялізму.
26 студзеня 2006 года ўдзельніцы «Асацыяцыі Мацярок з плошчы Мая» правялі свой «Апошні марш супраціву», паколькі лічаць, што «ворага ў Доме ўрада больш няма»[13]. Яны ўхвалілі дзейнасць прэзідэнта Нестара Кіршнера ў прызнанні неканстытуцыйнымі «Закона поўнага спынення» і «закона падпарадкавання загадам »[14], паводле якіх злачынцы заставаліся непакаранымі. «Маці з плошчы Мая — заснавальнікі» працягваюць як шточацвярговыя, так і штогадовыя маршы ў памяць пра змаганне з дыктатурай.
У 1977 годзе паўстала яшчэ адна жаночая арганізацыя, «Бабулі з плошчы Мая» (ісп.: Asociación Civil Abuelas de Plaza de Mayo). Гэта аб’яднанне жанчын, якія займаюцца пошукам дзяцей, чые маці былі забітыя ў часы дыктатуры.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.